Віртуальны музей, японская сустрэча і прэм'еры. «Лялька» адкрывае сезон
Новы тэатральны год стартуе ў нядзелю, 24 верасня. У гэты дзень «Лялька» прызначае сустрэчу як сваім юным, так і дарослым гледачам. Дзяцей чакае інтэрактыўны спектакль «Вясёлы Дарафей», а ўвечары будзе паказаны «Дэкамерон», пастаўлены па адной з самых знакамітых кніг ранняга італьянскага Адраджэння Джавані Бокача. Перад пачаткам спектакля можна будзе патанцаваць – для жадаючых майстар-клас дасць калектыў «Стылягі-хоп».
У канцы месяца малышы пазнаёмяцца з Фенькай з аднайменнага твора Леаніда Панцялеева, аўтара «Рэспублікі ШКИД». Над спектаклем працаваў малады рэжысёр Міхаіл Клімчук. Яшчэ адна новая пастаноўка пад назвай «Мой Надзейны Сябра: 101» – сумесны праект з МНС.
Тэатр узяў у рэпертуарны партфель п'есу беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка «Дзiцячы сад». Віктар Клімчук таксама падзяліўся задумкамі паставіць спектакль па кнізе Марка Шагала «Маё жыццё». Для сумеснай працы ён запрасіў тэатральную мастачку з Мурманска Сафію Шахноўскую, дэкарацыі і лялькі якой яго ўразілі.
Працягне «Лялька» традыцыю правядзення тэатральных вечароў. Першы – «Восеньская мiстэрыя: подых Сярэднявечча» – пройдзе ў канцы кастрычніка. У праграме – спектакль "Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў" па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча і выступленне клуба гістарычнай рэканструкцыі "Нагльфар". У сярэдзіне лютага запланавана сустрэча ў японскім стылі, а 1 красавіка – вечар гумару.
Віцебскія лялечнікі атрымалі запрашэнне на міжнародныя фестывалі ў Кіеў, Тамбоў, Белгарад і Мінск. Летась яны прывезлі Гран-пры з Казані за спектакль «Загубленая душа, або Пакаранне грэшнiка». Сёлета яшчэ адна тытулаваная пастаноўка «Брэменскiя музыкi» адзначыць 20-годдзе.
Да новага сезона тэатр абнавіў светлавое і гукавое абсталяванне. Як растлумачыў дырэктар «Лялькі» Аляксандр Рыгораў, аблвыканкам выдзеліў 100 тыс. рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. А на сайце тэатра неўзабаве з'явіцца віртуальны музей, дзе размесцяць інфармацыю аб старых спектаклях, якія ўвайшлі ў гісторыю «Лялькі». Будзе створана і мабільная версія сайта.
Але з тэатрам лепш сустракацца не ў віртуальнай, а ў рэальным жыцці. Цэны на білеты засталіся ранейшымі – ад 3,5 да 5 рублёў.
Таццяна Пастэрнак. Фота з архіва «Віцебскіх вестак».