Віцябляне і смаляне створаць сумесны каардынацыйны савет па маладзёжным супрацоўніцтве
Кіраўнік смаленскага цэнтра "Ради будущего" Наталля Палушкіна і 2-і сакратар Віцебскага абкама БРСМ Вячаслаў Хрол
Арганізатары спадзяюцца, што новая структура будзе не намінальнай, а сапраўды працоўнай адзінай пляцоўкай прыгранічча, дзе будуць сустракацца хлопцы і дзяўчаты суседніх абласцей і абмяркоўваць агульныя планы. Тым больш, «Саюзнае братэрства» мае на рахунку нямала супольных мерапрыемстваў, а яшчэ больш іх наперадзе. Гэта паказала і нядаўняя сустрэча. На працягу трох дзён у фармаце адкрытых дыялогаў, майстар-класаў, форсайт-сесіі навучэнская і працоўная моладзь прыгранічных рэгіёнаў абмяркоўвала магчымыя супольныя праекты, якія былі б цікавыя абодвум бакам і сталі б яшчэ адной кропкай дотыку смаленцаў і віцябчан, апроч геаграфічнага суседства.
У прыватнасці, пакаленне next – за рух, таму менавіта ў сферы спорту, турызму дасягнута найбольшая колькасць дамоўленасцей. Так, запланаваны турыстычныя экалагічна-краязнаўчыя маршруты – пешыя, веласіпедныя, водныя, якія праходзяць па тэрыторыі Віцебшчыны і Смаленшчыны, з наведваннем і добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў, мемарыялаў, уборкай берагоў рэк, лясных участкаў. У планах таксама ўзыходжанне ў горы Крыма сумесна са Смаленскім вучылішчам алімпійскага рэзерву, навучэнцы якога ўжо распрацавалі свой маршрут. Акрамя таго, намечаны таварыскія матчы па футболе, валейболе, спартакіяды, віктарыны, інтэлектуальныя гульні, творчыя конкурсы, патрыятычныя і дабрачынныя акцыі.
Дарэчы, першае спаборніцтва адбылося ўжо падчас цяперашняга візіту нашай моладзі ў Смаленск, а менавіта па картынгу. Прычым першапачаткова ўдзельнікі размеркаваліся па камандах незалежна ад таго, якую краіну прадстаўляюць. Хуткасць, экстрым, азарт аб'ядналі ўсіх гоншчыкаў, таму пра пераможцаў і прайграўшых гаварыць не даводзіцца, лідаравала дружба – дзве каманды занялі першае месца. Маладзёжны форум завяршыўся прагулкай па горадзе і калектыўным сэлфі ля сцен смаленскай крэпасці.
Наталля Рыжкова. Фота Алены АЛІМАВАЙ, "Віцебскія весці".