Віцябляне да наступлення маразоў рыхтуюць разцы і стамескі
9 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцябляне да наступлення маразоў рыхтуюць разцы і стамескі: 10 лютага ў горадзе стартуе чарговы адкрыты конкурс ледзяных скульптур, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама Аляксандр Сідарэнка.
Першы такі конкурс з поспехам прайшоў у абласным цэнтры напярэдадні навагодніх святаў. І хоць тады ў ім прынялі ўдзел толькі тры каманды, затое праяўлены гараджанамі цікавасць да іх творчага выніку быў высокі, што і стала нагодай правесці конкурс паўторна.
На гэты раз у майстэрстве будуць спаборнічаць сем зборных каманд (ад 5 да 10 чалавек), якія прадстаўляюць педагогаў, работнікаў устаноў культуры горада, а таксама тэхнічны, тэхналагічны каледжы, ВГТУ і ВДУ імя П.М.Машэрава (дзве каманды). 10 лютага ўдзельнікі будуць апрацоўваць ледзяныя кубы. Раніцай наступнага дня каманды зоймуцца іх мастацкай апрацоўкай, а таксама адрэстаўруюць падпорчаных адлігай Дзеда Мароза, Зайца і Ката, створаных на мінулым конкурсе.
Алея ледзяных скульптур стане сапраўднай славутасцю зімовага Віцебска, а конкурс з улікам яго адкрытага правядзення ўжо ў наступным годзе прыцягне значна большую колькасць удзельнікаў, упэўнены Аляксандр Сідарэнка.
Арганізатарам мерапрыемства выступае аддзел па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама, актыўную падтрымку і дапамогу ў забеспячэнні лёдам яму аказваюць службы МНС, ЖКГ, абласная арганізацыя АСВОД.-0-