Віцябляне на Каляды будуць біцца мяшкамі і бегаць на мётлах

6 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцябляне на Каляды будуць біцца мяшкамі і бегаць на мётлах. Як расказалі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстановах культуры абласнога цэнтра, масавыя гулянні пройдуць 7 студзеня ў Цэнтры народных рамёстваў і мастацтва "Дзвіна". Праграма "Віцебскія каляды" пачнецца а 11.00 з тэатралізаванага прадстаўлення з удзелам традыцыйных для гэтага свята персанажаў Дзеда, Бабы і Казы, а таксама членаў гарадскіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Удзельнікамі шоў стануць і гледачы. Так, добрыя малайцы змогуць памерацца сілай-волатам у жартаўлівых баях з мяшкамі, напоўненымі саломай. Пераможцам акажацца той, хто першым скіне гэтай грознай зброяй свайго суперніка з невысокай лаўкі. Дзетвару чакае конкурс на лепшую зімовую фігуру. Пры гэтым матэрыялу для ўвасаблення іх фантазій больш чым дастаткова, запэўнілі ў цэнтры. Стаміўшыся ад забаў на паветры, удзельнікі свята змогуць сагрэцца гарачым чаем і блінамі, наведаць фотавыставу "Аб'ектыўная зіма", экспазіцыю дзіцячых малюнкаў "Казкі Каляд" і выставу-кірмаш майстроў народных рамёстваў. Не менш актыўна запрашае правесці зімовае свята парк культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі. Тут усім жадаючым будзе прапанавана пакатацца на лыжах, конях і конных запрэжках, паўдзельнічаць у зімовых забавах - бегу на мётлах і на адной лыжы, у мяшках, а таксама праявіць сваю спрытнасць і рэакцыю ў іншых вясёлых конкурсах. Падмацаваць сілы і сагрэцца ўдзельнікам дапамогуць гасцінныя прадстаўнікі гандлёвых прадпрыемстваў горада. Тым жа, хто на Каляды актыўным забавам аддасць перавагу інтэлектуальны адпачынак, варта ў гэты дзень адправіцца ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа, дзе адбудзецца свята духоўнай музыкі.-0-