Віцябляне накіруюць заробленыя на суботніку сродкі на тэхнічнае аснашчэнне медустаноў

16 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля 500 тыс. жыхароў Віцебшчыны прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку, паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Губернатар разам з прадстаўнікамі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ ўдзельнічаў у добраўпарадкаванні тэрыторыі будучага заалагічнага саду непадалёк ад новага жылога мікрараёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Жыхары вобласці займаюцца добраўпарадкаваннем і ачысткай тэрыторый, працуюць на сваіх працоўных месцах. На суботніку прадугледжваецца зарабіць каля Br2 млрд. Палова сумы будзе накіравана на аздараўленне дзяцей, якія пражываюць або навучаюцца на пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі тэрыторыях, а таксама на будаўніцтва музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. За кошт сродкаў суботніка ў Віцебскай вобласці будзе набывацца медыцынскае абсталяванне, працягнецца рамонт устаноў аховы здароўя, у тым ліку дзіцячай абласной клінічнай бальніцы. "Калі мы разам, нам любая справа па плячы", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Напрыклад, будаўніцтва заалагічнага парку будзе весціся як за кошт бюджэтных сродкаў, так і пры дапамозе спонсараў: прадпрыемстваў, арганізацый, прыватнага бізнесу, бо гэты аб'ект узводзіцца, у першую чаргу, для забавы дзяцей. Па праекце агульная плошча заасаду складзе каля 100 га. У свабодных вальерах і спецыяльна пабудаваных клетках і закрытых памяшканнях паселяцца насельнікі беларускіх лясоў і трапічных джунгляў, афрыканскай саванны і паўночнай тундры. Першая чарга заасаду ўступіць у строй ужо ў бягучым годзе. Сюды пераселяцца жывёлы, якія сёння ў цесных умовах знаходзяцца на тэрыторыі старога заапарка ў цэнтры Віцебска.-0-