Віцябляне далучацца да галасавання Манхэтэнскага фестывалю кароткаметражнага кіно

Витебчане присоединятся к голосованию Манхэттенского фестиваля короткометражного кино
З 26 верасня па 6 кастрычніка ў кінатэатры "Мір" пройдуць конкурсныя паказы Манхэтэнскага фестывалю кароткаметражнага кіно (Нью-Ёрк, ЗША). Беларусь прымае ўдзел у самым маштабным сусветным шэсці кароткага метра ўжо пяты год.

З 26 верасня па 6 кастрычніка ў кінатэатры "Мір" пройдуць конкурсныя паказы Манхэтэнскага фестывалю кароткаметражнага кіно (Нью-Ёрк, ЗША).

Беларусь прымае ўдзел у самым маштабным сусветным шэсці кароткага метра ўжо пяты год. Чатыры беларускія гарады, у тым ліку Віцебск, далучыліся да трох соцень іншых, размешчаных на шасці кантынентах, каб прагаласаваць за лепшы фільм з дзесяці фіналістаў.

Сёлета ўпершыню за 16-гадовую гісторыю фестывалю будзе арганізавана галасаванне і за лепшага выканаўцу галоўнай ролі. Па словах дырэктара кінатэатра "Мір" Таццяны Екамасавай, у праграму 2013 года ўвайшлі кароткаметражкі з Аўстраліі, Францыі, Фінляндыі, ЗША, Ірландыі і Англіі. Хто атрымае галоўны прыз, вызначыць сусветнае гледацкае журы, у склад якога можа ўвайсці любы ахвотны. Для гэтага неабходна наведаць конкурсны паказ і адзначыць у спецыяльным бланку, які выдадуць у кінатэатры, лепшы фільм і лепшага выканаўцу. Затым гледацкія галасы з усяго свету адпраўляюцца ў штаб-кватэру Манхэтэнскага фестывалю ў Нью-Ёрку, дзе на фінальным сеансе, які адбудзецца 6 кастрычніка, назавуць пераможцу. А на наступны дзень яго імя можна ўбачыць на сайтах: http://www.tourdefilm.ru  і www.manhattanshort.com.

Варта адзначыць, што штогод колькасць прыхільнікаў кінаагляду павялічваецца, бо заснавальнік фестывалю Нікалас Мэйсан і яго каманда складаюць праграму з самых таленавітых і моцных кароткаметражак апошніх гадоў. Сёлета дзесяць фільмаў-фіналістаў былі адабраны з 628 кінастужак 48 краін.

У праграму ўвайшлі: фільм "№30", у якім таленавітая маладая актрыса спрабуецца на ролю Гамлета — і нават сам Шэкспір не змог бы адгадаць, чым усё абернецца!

Камедыя "Усё трэба рабіць самой!" распавядае пра мітуслівую раніцу фінскай сям'і, дзе маці імкнецца ўсё кантраляваць. У "Пятніцы" малады чалавек рыхтуецца адпомсціць за смерць сваёй маці, якая загінула год таму падчас тэрарыстычнай атакі ў Лондане. Кароткаметражка "Без каментарыяў" апавядае пра тое, як дзяўчына заводзіць два нечаканыя знаёмствы з мужчынамі ў Люксембургскім садзе ў Парыжы. "Ірландская народная мэбля" – дакументальная анімацыя пра рэстаўрацыю старадаўняй мэблі ў сельскай Ірландыі. У фільме "Блэк Метал" вакаліст блэк-метал-гурта сутыкаецца з эфектам, які вырабляюць яго поўныя гвалту тэксты.

Пакістан, Масква і Квебек вачыма ілюстратара-падарожніка са смакам да прыгод можна ўбачыць у кінастужцы "Партрэты падарожжаў". Сюжэт кароткаметражкі "Я — велізарны шар смутку" распавядае, як падчас шыкоўнай вечарыны на даху ў Нью-Ёрку трое гасцей выходзяць за межы звычайнай свецкай размовы. "Кафэ Кiсмет" апавядае пра афіцыянтак, якая з дапамогай песні знаходзіць ключ да сэрца па perdaрожніка, які нудзіцца. "Мяжа аседласці" – фільм, заснаваны на рэальных падзеях з сямейнай гісторыі рэжысёра. Гэта аповяд пра дзесяцігадовага яўрэйскага хлопчыка, які спрабуе пазбегнуць прымусовага прызыву ў рускую армію ў перыяд Крымскай вайны.

Далучайцеся да сусветнага гледацкага журы найбуйнейшага ў свеце фестывалю кароткаметражных фільмаў!

Алена Сыс, Віцебскія весці