Віцябляне ўпершыню ацэняць творы Шапэна ў выкананні польскага піяніста Яна Крыштафа Броя
22 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Фартэпіянны канцэрт вядомага польскага піяніста Яна Крыштафа Броі пройдзе ў Віцебскай філармоніі 24 кастрычніка ў гонар 200-годдзя выдатнага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік філармоніі Нэлі Мацабэрыдзэ.
Віцебскія прыхільнікі класічнай музыкі ўпершыню пазнаёмяцца з выканальніцкім майстэрствам польскага музыканта, які ў сваю чаргу зможа ацаніць гучанне гордасці абласной філармоніі - нумарнога раяля фірмы "Steinway".
Ян Крыштаф Броя з'яўляецца лаўрэатам міжнародных фартэпіянных конкурсаў у Ханау (Германія), Браўншвайгу (Германія), Бухарэсце (Румынія), Пасадэне (ЗША), пераможцам міжнароднага конкурсу імя М.Чурлёніса ў Вільнюсе, а таксама ўладальнікам трох пазаконкурсных узнагарод на XIII міжнародным конкурсе імя Ф.Шапэна ў Варшаве. Піаніст выступаў у Канцэртнай зале Крамля, у яго творчым актыве канцэрты ў многіх краінах Еўропы, Лацінскай Амерыкі, выступленні на пляцоўках ЗША і Японіі. Музыкант прымаў удзел у здымках фільма Рамана Паланскага "Піаніст". Сумесна з Сімфанічным аркетрам Нацыянальнай філармоніі Польшчы ён запісаў дыск з сімфоніяй К.Шыманоўскага, гэтая запіс была намінавана да ўзнагароды амерыканскай Фанафанічнай акадэміі Grammy 2010.
У Віцебску музыкант выканае творы Фрыдэрыка Шапэна. Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і Інстытута Адама Міцкевіча (Варшава).
Акрамя таго, абласная філармонія падрыхтавала для аматараў арганнай музыкі сустрэчу з заслужаным артыстам Расіі Даніэлем Зарэцкім. У сваім першым выступленні перад віцебскай публікай арганіст з Санкт-Пецярбурга прадставіць праграму "Музыка Парыжскіх сабораў", у якой прагучаць творы французскіх кампазітараў. Даніэль Зарэцкі выступаў амаль ва ўсіх гарадах былога СССР, дзе ўстаноўлены арган, а сёння актыўна гастралюе па краінах Еўропы, а таксама ў ЗША, Ізраілі, Аўстраліі і Паўднёвай Амерыцы. Музыкант з'яўляецца лаўрэатам адкрытага Усерасійскага конкурсу арганістаў, міжнароднага конкурсу арганістаў у Германіі, а таксама дыпламантам міжнародных конкурсаў у Італіі і Фінляндыі.
Канцэрт Даніэля Зарэцкага пройдзе 23 кастрычніка і адкрые арганны абанемент абласной філармоніі ў новым канцэртным сезоне 2010-2011 гадоў. У гэтым абанеменце філармонія прадставіць выканаўцаў еўрапейскіх школ арганнай музыкі, у тым ліку Аўстрыі, Германіі, Францыі і Галандыі.-0-