Віцябляне выбіраюць помнік князю Альгерду

11 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцябляне выбіраюць помнік князю Альгерду, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі. Грамадскае абмеркаванне традыцыйна арганізавана ў Музычнай гасцёўні горада. Да канца сакавіка тут будуць экспанавацца сем заяўленых на конкурс работ, выкананых скульптарам з Віцебска і Мінска. Большасць аўтараў прадстаўляюць легендарнага князя ў воінскім аблачэнні на коне. Скульптуры выкананы ў прапорцыі 1:10. Меркаванне аб прадстаўленых работах кожны з наведвальнікаў выстаўкі можа пакінуць у спецыяльнай кнізе. Пры выбары пераможцы водгукі гараджан будуць улічвацца кампетэнтным журы. Вядомы дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, таленавіты палкаводзец князь Альгерд, жанаты на віцебскай княжне Марыі, доўгі перыяд княжыў у Віцебску. За гэты час горад ператварыўся ў развіты адміністрацыйны, эканамічны і культурны цэнтр беларускіх зямель. Манумент князю Альгерду плануецца ўсталяваць насупраць Васкрэсенскай царквы. Неўзабаве ў абласным цэнтры з'явяцца яшчэ два помнікі знакамітым гістарычным постацям. На верхняй пляцоўцы Летняга амфітэатра каля скрыжавання вуліцы Леніна і праспекта Фрунзе будзе ўсталяваны помнік княгіні Вользе, легендарнай заснавальніцы Віцебска. Помнік Аляксандру Неўскаму, лёс якога таксама звязаны з горадам, размесціцца на плошчы Тысячагоддзя.-0-