Віцябляне ўзялі на грамадскую ахову каля 60% пад'ездаў у шматкватэрных дамах

23 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Каля 60% пад'ездаў у шматпавярховых дамах Віцебска перададзены на грамадскую ахову, расказаў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар унітарнага камунальнага прадпрыемства "Віцебскае гарадское ЖКГ" Аляксандр Кушарэў.

Перадача пад грамадскую ахову мяркуе, што пад'езд абсталяваны кодавымі і кодава-дамафоннымі сістэмамі, а жыльцы прымаюць удзел у яго рамонце і самастойна падтрымліваюць парадак. Усяго такіх пад'ездаў у горадзе налічваецца 3363, і іх колькасць павялічваецца. Як лічыць Аляксандр Кушарэў, гэтаму шмат у чым спрыяе тлумачальная праца, якую вядуць спецыялісты жыллёва-эксплуатацыйных участкаў з жыльцамі шматкватэрных дамоў, і штогадовы гарадскі конкурс "Там, дзе мы жывём", пераможцы якога атрымліваюць важкія прызы.

Гарадскія ўлады ўсё больш актыўна імкнуцца прыцягваць жыхароў да забеспячэння парадку ў сваіх дамах. У горадзе дзейнічаюць 26 дамавых камітэтаў, выбраны старэйшыны па пад'ездах, зачынены на запорныя і запорна-перагаворныя прыстасаванні 4893 пад'езды.

Акрамя таго, сіламі ЖЭУ з прыцягненнем насельніцтва выконваюцца работы па азеляненні дваравых тэрыторый, рамонце, афарбоўцы і ўстаноўцы лавак, дзіцячага гульнявога абсталявання, абсталявання спартыўных і гаспадарчых пляцовак. У бягучым годзе комплекснаму добраўпарадкаванню ў адпаведнасці з гарадской праграмай "Двары" падлягаюць 14 дваравых тэрыторый. На гэтыя мэты накіравана Br5,2 млрд. Асфальтабетоннае пакрыццё запланавана адрамантаваць у 174 дварах, з якіх у 47 работы ўжо праведзены.

У 2010 годзе капітальна адрамантаваны 8 дваравых тэрыторый, у 328 дварах выкананы работы па рамонце асфальтабетоннага пакрыцця тэрыторый, пешаходных дарожак, тратуароў агульнай плошчай 186,75 тыс.кв.м на суму Br5,2 млрд.

Жыллёвы фонд, які абслугоўваецца службамі унітарнага камунальнага прадпрыемства "Віцебскае гарадское ЖКГ", складаецца з 1851 жылога дома, якія маюць 908 дваравых тэрыторый.-0-