Віцяблянін нелегальна зарабляў на продажы "біяграфій" аўтамабіляў

10 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Падатковыя органы Віцебскай вобласці спынілі нелегальную дзейнасць жыхара абласнога цэнтра, які спецыялізаваўся на інфармацыйным суправаджэнні здзелак з аўтамабілямі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Віцяблянін за плату прадастаўляў будучым уладальнікам аўтамабіляў інфармацыю аб гісторыі эксплуатацыі і тэхнічным стане аўтамабіляў з ЗША, якія іх цікавілі. Для пашырэння кліенцкай базы мужчына размяшчаў адпаведныя аб'явы на рэсурсах сеткі Інтэрнэт, а таксама ў перыядычным друку, пры гэтым ён дзейнічаў без дзяржаўнай рэгістрацыі. Каб скарыстацца паслугамі прадпрымальнага дзеяча, грамадзяне пераводзілі безнаяўныя грашовыя сродкі на нумар рахунку абанента мабільнай сувязі, указаны парушальнікам. Рашэннем гаспадарчага суда Віцебскай вобласці мужчына прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 1-1 артыкула 12.7 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, і аштрафаваны на суму Br350 тыс. Акрамя таго, у парушальніка канфіскаваны выяўлены даход ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў памеры Br1,2 млн. Усяго за студзень-сакавік падатковыя органы вобласці выявілі звыш 320 фактаў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці, забароненай і дзейнасці без ліцэнзій.-0-