Віцяблянін Уладзіслаў Ганчароў перамог на этапе Кубка свету па скачках на батуце ў Баку
У сталіцы Азербайджана сабралася 200 спартсменаў з 31 краіны. Канкурэнцыя была няпростая: у барацьбе за ўзнагароды ўдзельнічала большасць найлепшых на сёння батутыстаў. У фінале наш чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра апярэдзіў свайго прынцыповага суперніка кітайца Дон Дона, атрымаўшы высокую ацэнку за выкананне праграмы ад суддзяў — 61,59 бала.
Паўтарыць поспех у сінхронных скачках у пары з Алегам Рабцавым Уладзіславу не ўдалося. Але беларусы паказалі годны вынік, заняўшы другую страку ў выніковым заліку.
Дарэчы, цяперашні Кубак свету — ліцэнзійны да Алімпіяды ў Токіо. Таму для максімальнага прадстаўніцтва на галоўным старце чатырохгоддзя (па два спартсмены ад краіны ў мужчын і жанчын) нашым землякам трэба паспяхова паказаць сябе не толькі ў кубкавых баталіях, але і на чэмпіянаце свету. Таксама, нагадаем, скачкі на батуце ўваходзяць у праграму II Еўрапейскіх гульняў у Мінску.
"Віцебскія весці". Фота Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.