Віцяблянка Юлія Шышкова заваявала «срэбра» адкрытага рэспубліканскага турніру па спартыўнай гімнастыцы памяці Тамары Лазаковіч
У Віцебску прайшоў 18-ы адкрыты рэспубліканскі турнір па спартыўнай гімнастыцы памяці алімпійскай чэмпіёнкі Тамары Лазаковіч. Як звычайна, геаграфія ўдзельнікаў далёка перасягнула межы нашай краіны. Акрамя беларусак, бліснуць сваім майстэрствам прыехалі спартсменкі з Латвіі, Расіі, Узбекістана і Украіны.
На жаль, па стане здароўя не змог сёлета прысутнічаць родапачынальнік віцебскай школы гімнастыкі Вікенцій Дзмітрыеў. Аднак унушальных памераў расцяжка з яго партрэтам нагадвала ўдзельнікам спаборніцтваў і гледачам пра тое, хто прывёў у вялікі спорт будучую прыму сусветнай гімнастыкі. Дзмітрый Хрушч, дырэктар віцебскай ДЮСШ №1, дзе і праходзіў турнір, не хаваў задавальнення ад яго арганізацыі. Сёлета прыбылі ўсе заяўленыя ўдзельнікі ў адрозненне, напрыклад, ад мінулага, калі з-за адсутнасці некаторых гасцей клікалі мясцовых гімнастак.
На жаль, дамінавалі ў асноўным прадстаўніцы сяброўскіх краін. Так, пераможцай у мнагабор'і стала кіяўлянка Аляксандра Путыля, на 2-м радку размясцілася Вераніка Арлова з Узбекістана, а трэцяе месца падзялілі Анастасія Уласюк і Аляксандра Весялюк з Украіны. Адстойваць гонар нашай краіны давялося далікатнай віцяблянкай Юліі Шышковай, якая заваявала адзіную для Беларусі ўзнагароду – «серабро» ў апорным скачку. Хоць трэнер прызёркі Дзмітрый Кухтаў быў не зусім задаволены вынікам. Яшчэ б! Бо ў папярэдніх спаборніцтвах яна была першай у практыкаваннях на бярвёнах і ў апорным. Разлічвалі на перамогу і ў вольных практыкаваннях. Тым не менш у 15-гадовай віцебскай школьніцы яшчэ ўсё наперадзе, і пры належным старанні хутка ўвесь свет даведаецца імя новай зоркі беларускай гімнастыкі.
Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці"