Віцяблянка пераздавала здымныя кватэры, папярэдне іх абкраўшы
17 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцяблянка год пераздавала здымныя добраўпарадкаваныя кватэры, папярэдне іх абкраўшы. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік пракурора Першамайскага раёна Віцебска Алег Антоненка.
На працягу года жыхарка абласнога цэнтра дамаўлялася аб арэндзе добра мэбляваных кватэр з іх уладальнікамі, атрымлівала ключы, а затым пераздавала на працяглы тэрмін іншым кліентам. Пры гэтым перш чым уручыць ключы новым кватарантам, яна атрымлівала салідную перадаплату за некалькі месяцаў наперад, а таксама паспявала перавярнуць прыглянуўшуюся людзям кватэру з разраду мэбляванай у немебляваную. Па прывабнай цане віцяблянка прадавала ўсё, што толькі можна - ад бытавой тэхнікі і мэблі да штор і навалачак. Затым знікала, а сапраўдныя ўладальнікі і кватаранты, што засталіся, праз некаторы час пачыналі разбіраць канфлікт і падлічваць страты.
Знайсці прадпрымальную жанчыну ўдалося не адразу, бо сама яна таксама жыла на здымных кватэрах, пастаянна іх мяняючы. Усяго на яе рахунку больш за 10 эпізодаў злачынных дзеянняў. За крадзяжы і махлярства ў дачыненні да 50-гадовай дамы ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 і ч.2 арт.205 і ч.2 арт.209 Крымінальнага кодэкса Беларусі, максімальная мера пакарання па якіх прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.-0-