Віцяблянка падазраваецца ў махлярстве амаль на Br120 млн.

18 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Былая работніца адной з грамадскіх арганізацый Віцебска падазраваецца ў махлярскім завалоданні грашовымі сродкамі на агульную суму амаль Br120 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РАУС абласнога цэнтра. Як устаноўлена, гэтыя грошы належаць знаёмым падазраванай. Пацярпелыя бралі ў банках крэдыты, як правіла, на спажывецкія патрэбы, а затым перадавалі грошы жанчыне з умовай, што яна будзе самастойна абслугоўваць і пагашаць крэдытныя рэсурсы. У далейшым атрымальніца грошай не праяўляла асаблівай актыўнасці па выкананні такіх вусных дамоўленасцей. Крымінальная справа ўзбуджана па ч.4 арт.209 Крымінальнага кодэкса Беларусі "Махлярства", якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Мера стрымання ў дачыненні да падазраванай не абіралася, бо яна цяпер адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі за здзяйсненне іншага злачынства.-0-