Віцяблянка атрымала два гады ўмоўна за карыстанне чужой банкаўскай карткай
24 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску былы настаўнік па чужой банкаўскай картцы здзейсніў пакупкі на Br1 млн. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах і аналізе судовай практыкі пракуратуры Віцебскай вобласці Дзмітрый Арэх.
Сын былога настаўніка аднойчы прынёс дадому чужую банкаўскую картку, якую яму выдаў банкамат. Паддаўшыся спакусе, жанчына паспрабавала здзейсніць нязначную пакупку. Спроба аказалася ўдалай: уводзіць пін-код у тэрмінале пры разліку па гэтай картцы не патрабавалася. І тады жанчына вырашыла патраціць грошы.
Па запісах з камеры назірання супрацоўнікам праваахоўных органаў удалося ўстанавіць асобу юнака, які забраў чужую картку. На першай сустрэчы з міліцыянтамі хлопец не прызнаўся ў яе прысваенні, аднак у маці пацікавіўся лёсам карткі. Спалохаўшыся за сына, жыхарка Віцебска сама прыйшла ў міліцыю і прызналася ў растраце грошай.
За крадзеж шляхам увядзення ў камп'ютарную сістэму ілжывай інфармацыі, спалучанае з несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай інфармацыі, у дачыненні да жанчыны была ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.212 КК. З улікам заслуг па месцы ранейшай працы 50-гадовая жыхарка Віцебска асуджана да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.-0-