Віцяблянка прадставіць Віцебскую вобласць на конкурсе «Міс Беларусь – 2023»
Сярод фіналістак – віцяблянка, магістрантка ВДТУ па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне» Валерыя ФоМчанка.
На рахунку ў дзяўчыны ўжо некалькі перамог у конкурсах прыгажосці, грацыі, таленту, што вельмі важна. Валерыя прызнаецца, што папярэдні досвед дапамагае ёй цяпер у нейкіх пэўных момантах.
– Але ў той жа час кожны новы конкурс асабіста для мяне – новае жыццё, новыя эмоцыі і ўражанні, новае выпрабаванне, – кажа дзяўчына. – Усе свае перамогі я стараюся «адпусціць», каб пачынаць усё з чыстага ліста. Калі казаць пра цяперашнюю падрыхтоўку да фінальнага шоў «Міс Беларусь», то не скажу, што мне проста, але дакладна лягчэй, чым астатнім удзельніцам: я прывыкла да нагрузак, мяне не здзівіць 12-гадзінныя рэпетыцыі.
Па словах Валерыі, у параўнанні з папярэднімі конкурсамі, маштаб абсалютна іншы.
– Я ніколі не з'язджала так надоўга з дому, але нават на адлегласці адчуваю падтрымку сваёй любімай сям'і, родных і блізкіх, сяброў, – прызналася віцяблянка. – Магу сказаць, што дзяўчаты-ўдзельніцы добрыя, з некаторымі пасябравалі. Ёсць паміж намі своеасаблівая сямейная сувязь.
Жадаем Валерыі ФоМчанка годна прадставіць сябе і любімую Віцебшчыну на конкурсе, а мы будзем балець за яе перамогу!
"Віцебскія весці"