Віцяблячанкі ў "Ноч музеяў" змогуць ператварыцца ў гейш
13 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародная акцыя "Ноч музеяў" у віцебскай ратушы пройдзе ў японскім стылі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
Дакрануцца да мастацтва і культуры Японіі дазволяць шматлікія мерапрыемствы, арганізаваныя 14 мая ў музеі. Праграму адкрые стылізаваны танец з веерамі маленькіх выхаванак дзіцячага сада №78. Затым мерапрыемствы працягнуцца адначасова ў розных залах ратушы. Так, удзельнікі "Ночы музеяў" змогуць наведаць майстэрню каліграфіі, дзе ім прапануюць папрактыкавацца ў напісанні іерогліфаў. У майстэрню арыгамі запрошаны ўсе, хто жадае навучыцца ствараць фігуры з паперы, а ў галерэі "Графіка ў стылі укіё-э" навучаць маляваць трысняговым пяром і пэндзлем. Рукадзельніц чакаюць у майстэрні "Амігурумі" на майстар-клас па стварэнні японскай вязанай цацкі.
Спецыяльна для дзяўчат у гэты вечар у музеі адкрыецца салон візажу і цырульнага мастацтва, дзе яны змогуць ператварыцца ў гейш і зрабіць тату з японскай сімволікай. Прадстаўнікам моцнага полу таксама знойдзецца занятак па душы: з разлікам на мужчынскую палову Віцебска арганізаваны паказальнае выступленне па каратэ і майстар-класы, прысвечаныя ўсходнім адзінаборствам і відам зброі.
Праграма ўключае таксама выставы работ віцебскага мастака А.Краўчанкі, натхнёных вобразамі Японіі, экспазіцыю, прадастаўленую Пасольствам Японіі ў Беларусі, гульнёвую зону, вечар японскай паэзіі, дэманстрацыю анімэ і японскіх фільмаў. Завяршальным акордам акцыі стане маляўнічае шэсце ўдзельнікаў са свечкамі па вуліцы Талстога на бераг Віцьбы і спусканне на ваду караблікаў.
"Ноч музеяў" упершыню была арганізавана і праведзена 16 мая 2005 года па ініцыятыве Міністэрства культуры і камунікацыі Францыі. Акцыя заклікана наблізіць гісторыка-культурную спадчыну да гледача, паказаць праз нетрадыцыйнае знаёмства з музеямі іх значнасць у жыцці грамадства.-0-