Віцебшчына мае намер умацоўваць супрацоўніцтва з Ізраілем у вытворчай і інвестыцыйнай сферах
Пра гэта заявіў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў у ходзе рабочай сустрэчы з часовым павераным у справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Вольгай Слов. Як вядома, нядаўна адбылося прызначэнне новага пасла гэтай блізкаўсходняй краіны, які ў бліжэйшыя два месяцы можа прыступіць да працы ў Беларусі.
Напярэдадні гэтай важнай падзеі прадстаўнік ізраільскай дыпмісіі мае намер актуалізаваць інфармацыю аб узроўні двухбаковага супрацоўніцтва і новых напрамках эканамічных сувязяў для таго, каб пасол пачынаў дзейнасць на новым месцы службы не з чыстага ліста.
Як адзначыў Мікалай Шарснёў, у нашых народаў вельмі шмат агульнага ў гісторыі, што служыць асновай для ўмацавання культурнага ўзаемадзеяння. Нягледзячы на высокі ўзровень устаноўленых творчых сувязяў, і ў гэтай сферы ёсць магчымасці для прыкладання сіл. У прыватнасці, для ізраільскіх інвестараў могуць быць цікавыя прапановы па ўдзеле ў развіцці праектаў, звязаных з імем мастака Марка Шагала.
Асноўны ўпор у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва Віцебшчына прапануе зрабіць на ўмацаванні кантактаў у эканамічнай і перш за ўсё вытворчай, а таксама інвестыцыйнай сферах.
– Мы ставім перад сабой задачу на найбліжэйшую перспектыву па падваенні аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі і будзем удзячныя, калі ізраільскія дзелавыя колы дапамогуць у рэалізацыі гэтых планаў, – адзначыў Мікалай Шарснёў.
Да ліку прыярытэтных напрамкаў бізнес-партнёрства кіраўнік вобласці аднёс сельскую гаспадарку. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб развіцці свінагадоўлі,
будаўніцтве малочна-таварных комплексаў. Для віцебскіх аграрыяў вялікую цікавасць уяўляе ўдасканаленне тэхналогій для павышэння эфектыўнасці выкарыстання земляў, а ў гэтай галіне ў ізраільскіх спецыялістаў ёсць чаму павучыцца.
Разам з тым спектр дзелавога ўзаемадзеяння дастаткова шырокі – ад дрэваапрацоўкі да будаўніцтва смеццеперапрацоўчага прадпрыемства ў абласным цэнтры. На апошняй прапанове кіраўнік вобласці спыніўся асобна, бо ў Ізраілі назапашаны багаты вопыт, ёсць эфектыўныя тэхналогіі ў сферы ўтылізацыі адходаў, а для Віцебска гэтае пытанне набывае асаблівую актуальнасць, ужо ёсць праект і вядуцца пошукі інвестара для яго рэалізацыі.
Сёлета ўзаемны тавараабарот паміж арганізацыямі Віцебшчыны і Ізраіля склаўся на ўзроўні больш за 800 тыс. долараў з адмоўным сальда для беларускага боку. Гэтага недастаткова, прызнаў кіраўнік вобласці, і выказаў надзею, што пры ўзаемнай зацікаўленасці ў развіцці культурных і эканамічных кантактаў нашы адносіны атрымаюць сур'ёзны імпульс для ўдасканалення. А зрабіць гэта сёння ва ўмовах бязвізавага рэжыму, усталяванага паміж краінамі, будзе значна лягчэй.
У гэты ж дзень Вольга Слов азнаёмілася з інвестыцыйным патэнцыялам СЭЗ «Віцебск», а таксама наведала шэраг аб'ектаў культуры абласнога цэнтра.
Сяргей Анто́наў. Фота Дзмітрыя АСІПОВА. «Віцебскія весці».