Віцебшчына далучылася да велапрабегу ў рамках Саюзнай дзяржавы

З 19 па 25 верасня па тэрыторыі Смаленскай, Пскоўскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей праходзіць юбілейны Х велапрабег «Моладзь Расіі і Беларусі – дарога ў будучыню Саюзнай дзяржавы».

Маладыя парламентарыі, лідары маладзёжных грамадскіх арганізацый, студэнты, працоўная моладзь дзвюх краін, акрамя пераадолення дыстанцыі велапрабегу, змогуць паўдзельнічаць у шырокай адукацыйнай, спартыўнай, культурнай і экскурсійнай праграме.

Так, з 22 верасня ў раёне дзіцячага аздараўленчага лагера «Лянок» у Аршанскім раёне пройдзе Адкрыты рэспубліканскі турыстычны злёт студэнтаў з удзелам каля 20 беларускіх і расійскіх каманд. Праграмай запланаваны спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, тэхніцы веласіпеднага і пешаходнага турызму, перацягванні каната і многае іншае.

У гэты ж дзень а 16.00 каля будынка калегіума езуітаў у Оршы пройдзе ўрачыстая акцыя, дзе на адной пляцоўцы сустрэнуцца ўдзельнікі турзлёту і велапрабегу, для якіх выступяць эстрадныя выканаўцы. А а 17.00 у канферэнц-зале Лядовай арэны пройдзе адкрыты дыялог «Маладзёжнае міжнароднае супрацоўніцтва, праблемы і перспектывы» з удзелам кіраўніцтва вобласці і раёна, дэпутатаў Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і маладзёжнага актыву.

Алесь Бынькоў,«Віцебскія весці».