Віцебшчына развіталася з Уладзімірам Кулаковым

Пашанаваць памяць Уладзіміра Панцялеевіча прыйшлі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. Да труны нябожчыка былі таксама ўскладзены вянкі і кветкі ад дэлегацый гарадоў і раёнаў Віцебшчыны, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, калег па працы.
Выступаючы на жалобным мітынгу, Уладзімір Андрэйчанка назваў Уладзіміра Кулакова яркім прыкладам служэння нашай краіне і людзям. Ён быў чалавекам з пакалення дзяцей вайны і адчуў на сабе ўсе яе цяжкасці, у сем гадоў застаўшыся без бацькі.
– Уладзімір Панцялеевіч усяго дабіваўся сам, – адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. – У 28 гадоў кіраваў адным з найбуйнейшых і перадавых саўгасаў Гродзенскай вобласці, праз два гады быў узнагароджаны першым ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У канцы ХХ стагоддзя Уладзімір Панцялеевіч перажыў няпростыя часы на пасадзе старшыні выканкама Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў, але заўсёды прымаў вывераныя рашэнні, таму што быў досвечаным, мудрым і годным чалавекам. Ён быў патрабавальным кіраўніком, і сотні падначаленых атрымалі ў яго кадравую вывучку. Я ўдзячны лёсу, што з 1987 года на працягу многіх гадоў працаваў у цеснай сувязі з Уладзімірам Панцялеевічам і з 1994 года прыняў ад яго кіраўніцтва Віцебскай вобласцю.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін назваў Уладзіміра Кулакова чалавекам-эпохай. Яго яркі жыццёвы шлях варты кніг і фільмаў. У няпросты час ён прымаў складаныя рашэнні, якія давалі вынік. У пацвярджэнне таго не толькі шматлікія ўзнагароды, але і добрая чутка.

– Мне не давялося працаваць з Уладзімірам Панцялеевічам, але не сустракаў чалавека, які не гаварыў бы пра яго з вялікай павагай, вылучаючы такія якасці як скрупулёзнасць, адказнасць, працаздольнасць, адданасць Радзіме і служэнне на яе карысць, – канстатаваў кіраўнік вобласці.





Уладзімір Цецоха, які на працягу многіх гадоў працаваў побач з Уладзімірам Кулаковым, назваў яго стоічным чалавекам і добрым сябрам.





Уладзімір Кулакоў пахаваны на алеі Ганаровых грамадзян горада Віцебска на могілках «Мазурына».