Віцебшчына пашырае партнёрскую сетку рэгіёнаў у Паднябеснай
Учора ў аблвыканкаме падпісаны пратакол аб намерах развіцця дружалюбных сувязяў з правінцыяй Цзянсі, адным з найбуйнейшых аграрных рэгіёнаў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Дакумент стварае надзейную платформу для доўгатэрміновага ўзаемадзеяння.

У ходзе перамоваў бакі канстатавалі наяўнасць узаемнай цікавасці да выбудоўвання поўнамаштабных адносін паміж двума рэгіёнамі. Першы афіцыйны візіт на высокім узроўні і падпісаны дакумент даюць зялёнае святло для ўстанаўлення кантактаў і наладжвання партнёрства ва ўсіх сферах, адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч.
– Для паспяховага міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння трэба адначасова развіваць дружбу паміж людзьмі і эканамічную кааперацыю, бо менавіта дзякуючы сяброўскім сувязям з'яўляецца жаданне сумесна ўвасабляць у жыццё вытворчыя праекты, – сказаў старшыня Народнага палітычнага кансультатыўнага савета правінцыі Цзянсі Яо Цзэнке, падкрэсліўшы, што асабістыя адносіны дапамагаюць таксама пераадольваць існуючыя бар'еры.
Па словах Алега Мацкевіча, найбольш перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва паміж Віцебшчынай і Цзянсі можа стаць сельская гаспадарка, у прыватнасці, узаемадзеянне ў ільнаводстве як па вырошчванні сыравіны, так і выпуску гатовых вырабаў. Віцебскія вытворцы прадуктаў харчавання зацікаўлены ў прасоўванні сваёй прадукцыі на рынак Паднябеснай, у тым ліку праз кітайскія гандлёвыя цэнтры, якія дзейнічаюць на тэрыторыі правінцыі Цзянсі. Вытворчасць будаўнічых матэрыялаў таксама ўваходзіць у перспектыўны парадак дня перамоваў паміж патэнцыйнымі партнёрамі з улікам наяўнасці запасаў гліны на Віцебшчыне і тэхналогій у кітайскага боку, дзе найважнейшай вытворчасцю гістарычна з'яўляецца вытворчасць керамікі і фарфору. Чакаецца, што гэтыя напрамкі стануць прадметам перамоваў у ходзе візіту беларускай дэлегацыі ў правінцыю Цзянсі ў другой палове бягучага года для ўдзелу ў буйной міжнароднай эканамічнай выставе.
У гуманітарнай сферы гаворка можа ісці аб турыстычных абменах, бо партнёры маюць мноства гістарычных помнікаў і развітую індустрыю адпачынку. Кітайскі бок гатовы вылучыць стыпендыі для навучання ў адной з устаноў адукацыі правінцыі.
– Вельмі важна быць шчырымі ва ўзаемных адносінах. Гэта якасць дзейнічае як востры нож, які ставіць усё на свае месцы, – па-азіяцку мудра заўважыў спадар Цзэнке.
Правінцыя Цзянсі плошчай каля 166 тыс. кв. м і з насельніцтвам амаль 46 млн чалавек размешчана ва ўсходняй частцы Кітая. Яна багата прыроднымі рэсурсамі, важную ролю ў прамысловым развіцці рэгіёну адыгрываюць металургія, сельская і лясная гаспадарка.
СЯРГЕЙ АНТОНАЎ, фота Дзмітрыя ВОСІПАВА, "Віцебскія весці".