Віцебшчына заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Бранскай вобласцю
Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай і Бранскай абласцямі падпісана ў рамках візіту расійскай дэлегацыі на чале з губернатарам Аляксандрам Багамазам у прыдзвінскі край.
У Віцебшчыны з Браншчынай склаліся даўнія партнёрскія адносіны, яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое закранае розныя сферы эканомікі і сацыяльнага жыцця. Але прыйшоў час абнавіць гэты дакумент, напоўніць яго новым зместам.
Як растлумачыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, тавараабарот паміж дзвюма рэгіёнамі ў апошнія гады знізіўся ў разы, на гэта былі аб'ектыўныя прычыны, сёння ж стаіць задача надаць дзелавым сувязям новы імпульс. І ў дзвюх абласцей ёсць што прапанаваць адна адной.
– Мы сур'ёзна рыхтаваліся да падпісання новага дакумента, да цяперашняга афіцыйнага візіту праходзіла некалькі сустрэч, у ходзе якіх вызначылі галоўныя напрамкі супрацоўніцтва, – сказаў пасля падпісання пагаднення Мікалай Шарстнёў.
У прыватнасці, яны датычацца будаўнічай галіны. Віцебскія прадпрыемствы маглі б дапамагчы расіянам у гэтай сферы. У Бранскай вобласці адчуваецца дэфіцыт будаўнічай і дарожнай тэхнікі, рабочых рук, будматэрыялаў. Так што з выгадай для сябе мы можам падзяліцца запасам. Першым крокам у гэтым напрамку стаў падпісаны падчас візіту кантракт аб пастаўцы цэглы.
Расіяне гатовыя набываць пад'ёмнікі, краны, маніпулятары, сістэмы ачысткі вады, іншую эксклюзіўную прадукцыю, якую выпускаюць на Віцебшчыне.
– Мы хочам прапанаваць Бранскай вобласці самае лепшае, каб у суседзяў эфектыўнасць вытворчасці стала вышэй, і нашы вытворчыя магутнасці былі цалкам загружаны, – адзначыў Мікалай Шарстнёў.
Са свайго боку губернатар Бранскай вобласці падкрэсліў, што расійскі рэгіён у мінулым годзе дасягнуў вялікіх вынікаў у сельскай гаспадарцы. І гэта адбылося шмат у чым дзякуючы супрацоўніцтву з Беларуссю.
– Мы ездзілі да вас, вучыліся, пераймалі вопыт і ўвасаблялі беларускія перадавыя тэхналогіі на сваёй зямлі, – сказаў Аляксандр Багамаз. – Адна з візітных картак Бранскай вобласці – бульба, мы самі сябе таксама называем бульбашамі. Рэгіён вырабляе штогод больш за мільён тон гэтай культуры.
Другая – крышталь. Некаторы час таму завод збанкрутаваў, а вось са студзеня мінулага года зноў стаў працаваць і выпускаць прадукцыю, якой славіцца наш край. У падарунак мы прывезлі крыштальную ікону святога Алега Бранскага.
Кіраўнік Бранскай вобласці таксама адзначыў, што падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Віцебскай вобласці размова ішла аб арганізацыі супольных вытворчасцей. У найбліжэйшы час будуць створаны рабочыя групы, якія больш канкрэтна вызначаць сферы супольнай дзейнасці ў розных напрамках. А ўжо ў канцы жніўня адбудзецца сустрэча на бранскай зямлі.
У час візіту члены дэлегацыі пабывалі на СХП «Мазалавагаз», ААТ «Малако», Віцебскім мясакамбінаце, скурна-абутковым холдынгу «Марка», азнаёміліся з працай прадпрыемстваў \"Полімерканструкцыя\", \"Вітбудтэхмаш\", \"Энергакомплект\", «Фортэкс – водныя тэхналогіі», \"Маналіт\", \"Віцебскія дываны\", на якіх вяліся перамовы аб магчымай вытворчай кааперацыі, арганізацыі тавараправоднай сеткі.
Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія вясці».