Віцебск будзе цалкам гатовы да «Славянскага базару» 7 ліпеня

Витебск будет полностью готов к «Славянскому базару» 7 июля
Асноўныя работы па падрыхтоўцы «Славянскага базару – 2018» завершаны. Поўная гатоўнасць будзе абвешчана 7 ліпеня, а 8-га Віцебск пяройдзе на фестывальны рэжым. Пра гэта заявіў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін на пасяджэнні аргкамітэта форуму з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Васіля Жарко.

 

Да пачатку справаздачы ўсіх службаў, задзейнічаных на форуме, Васіль Жарко наведаў фестывальныя аб'екты, высока ацаніў праведзеную працу.

Афіцыйнае адкрыццё XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў адбудзецца 12 ліпеня, у ім прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі. Але канцэртная праграма пачнецца на тры дні раней. Сёлета да нас прыедуць госці з 41 краіны, будзе акрэдытавана 390 журналістаў ад 126 сродкаў масавай інфармацыі розных дзяржаў, у тым ліку Кітая і ЗША.

Упершыню ў песенных конкурсах выступяць прадстаўнікі Егіпта, Гвінеі, Вялікабрытаніі, Канады, Калумбіі. Усіх удзельнікаў і гасцей трэба сустрэць, размясціць і накарміць. Гэта клопат гарадскіх службаў, якія далажылі аб стане спраў.

З віцебскага аэрапорта будуць арганізаваны чартарныя рэйсы ў Маскву, у раскладзе чыгуначнага вакзала з'явіцца новы цягнік, які злучае Віцебск з Мінскам, а таксама дадатковыя вагоны на папулярныя падчас фестывалю напрамкі. Рэгулярныя рэйсы будуць арганізаваны ў музей-сядзібу Ільі Рэпіна «Здраўнёва». Ахвотныя змогуць здзейсніць экскурсійныя паездкі па горадзе на тралейбусе і трамваі.

Гасцініцы ў чаканні знакамітых гасцей палепшылі камфортнасць сваіх нумароў, правялі бягучы рамонт, усталявалі кандыцыянеры. Акрамя стацыянарных аб'ектаў харчавання будуць працаваць вулічныя кафэ, гандлёвыя рады расцягнуцца на 10 км. Як запэўніў Віктар Мікалайкін, цэны ў фестывальныя дні не будуць падвышацца ні ў гасцініцах, ні ў кафэ, ні на паслугі таксі.

Насычанай абяцае быць культурная праграма, у ёй будуць задзейнічаны не толькі ўсе канцэртныя пляцоўкі горада, але і вуліцы, двары. Дарэчы, у Дзень моладзі ўпершыню пройдзе фестываль дваровых гульняў.

Лейтматывам многіх праграм, як адзначыў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, стане тэма малой радзімы і адзінства славянскіх народаў. На сённяшні дзень прададзена больш за 54 тыс. білетаў і 25 тыс. забраніравана. Ахвотныя прыехаць на «Славянскі базар» ёсць у Японіі, Канадзе, ПАР, з гэтых краін былі набыты білеты праз інтэрнэт, расказаў дырэктар форуму Аляксандр Сідаранка. 

Многія прыязджаюць у Віцебск, каб не толькі пабываць на канцэрце любімых спевакоў, але і акунуцца ў атмасферу фестывальнага горада. Яе створаць калектывы мастацкай самадзейнасці, рамеснікі, вулічныя музыкі і артысты. Традыцыйна будзе працаваць Горад майстроў, выстава брэндаў раёнаў Віцебшчыны, «Задзвінскі кірмаш», «Віцебскі вернісаж». Пройдуць фестывалі барабаншчыц і мажарэтак, конкурсы духавых аркестраў, гармонікаў і частушачнікаў, ганчароў, турнір бытавых танцаў і многае іншае.

Фестывальны тон задасць «Фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Госцем «Славянскага базару» стане яго даўні сябар – літоўскі кірмаш «Казюкас», які, як заўсёды, рыхтуе прыемныя сюрпрызы.

– Да прыезду гасцей і ўдзельнікаў форуму ўсе службы гатовыя: харчаванне і пражыванне арганізаваны, бяспека забяспечана, – падсумаваў Васіль Жарко і выказаў упэўненасць, што свята атрымаецца.

"Віцебскія весці".