Віцебск, Даўгаўпілс і графства Готланд будуць развіваць трансгранічныя абмены

19 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адміністрацыі Віцебска, Даўгаўпілса і графства Готланд (Швецыя) падпісалі сёння пагадненне аб развіцці трансгранічных абменаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме. Цырымонія прайшла ў ходзе міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай вынікам трохбаковага праекта. Пагадненне стане своеасаблівым працягам праекта "Панарама Дзвіна/Даўгава", які ажыццяўляўся Швецыяй, Беларуссю і Латвіяй з 2005 года. Супрацоўніцтва гарадоў-партнёраў Віцебска, Даўгаўпілса і Готланда ў рамках гэтага праекта дало станоўчы вынік, і бакі маюць намер яго працягваць. "Сумеснае пагадненне аб развіцці ўзаемных трансгранічных абменаў абаюдна выгадна для рэгіёнаў і яго жыхароў, будзе спрыяць супрацоўніцтву ў сферах гандлю і бізнесу, культуры і адукацыі, турызму, вырашэння сацыяльных праблем, аховы навакольнага асяроддзя і энергаэфектыўнасці, захавання культурнай спадчыны", - сказана ў падпісаным пагадненні. Паводле даных, заснаваных на афіцыйнай статыстыцы і прадастаўленых старшынёй Інстытута культурнага турызму Арнэ Элефорсам, з моманту пачатку рэалізацыі праекта ўзровень турызму ў Даўгаўпілсе вырас на 30%, у Віцебску - на 40%. Тры шведскія туроператары ўключыліся ў рэкламную кампанію Беларусі на тэрыторыі Швецыі, адна латвійская кампанія арганізуе туры ў рэгіёны праекта. Каньюнктура рынку выявіла 44 заходнееўрапейскія аўтобусныя кампаніі, якія праяўляюць цікавасць да Усходняй Еўропы. Паводле звестак Арнэ Элефорса, яны распрацоўваюць спецыяльныя прапановы, якія ўключаюць рэгіён "Панарамы Дзвіна/Даўгава". Шведска-беларуска-латвійскі праект "Панарама Дзвіна/Даўгава" сваёй асноўнай мэтай ставіў садзейнічанне развіццю турызму ў рэгіёне, аб'яднаным ракой Заходняя Дзвіна. У "Панараме" прынялі ўдзел востраў Готланд (Швецыя), Даўгаўпілс (Латвія), Полацк, Віцебск, Дзісна.-0-