Віцебск гатовы прыняць гасцей і ўдзельнікаў «Славянскага базару»

Витебск готов принять гостей и участников «Славянского базара»
У Віцебску прайшло заключнае пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні міжнароднага форуму мастацтваў, у якім прыняў удзел намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко.

Аб гатоўнасці фестывальнай сталіцы да прыёму гасцей далажыў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін. Па яго запэўненні, на працягу двух-трох дзён будуць завершаны ўсе будаўнічыя работы, а іх у гэтым годзе зроблена нямала. Наследуючы прыказку: «Па адзенні сустракаюць», асаблівая ўвага была нададзена ўезду ў Віцебск. Большая частка гасцей прыязджае з боку Маскоўскага праспекта, дадзеная дарога і прылеглыя да яе тэрыторыі прыведзены ў парадак, як, зрэшты, і іншыя брамы горада – з боку Полацка, Санкт-Пецярбурга.

Віцебскі аэрапорт гатовы будзе сустракаць чартарныя рэйсы, тут абсталяваны Vip-зала для прыёму асабліва ганаровых гасцей. На час фестывалю паміж Віцебскам і Мінскам пачне курсіраваць дадатковы цягнік, які будзе прыбываць да пачатку вячэрніх канцэртаў і адпраўляцца пасля іх заканчэння. Гарадскі ж транспарт пяройдзе на кругласутачную працу.

Віктар Мікалайкін акцэнтаваў увагу на заўвагах, якія былі зроблены ўдзельнікамі і гасцямі горада пасля мінулага форуму. Усе яны ўлічаны. У прыватнасці, будзе курсіраваць аўтобус да сядзібы Ільі Рэпіна «Здраўнёва», павялічана колькасць нумароў павышанай камфортнасці ў гатэлях горада.

Прадугледжана праца «гарачай тэлефоннай лініі», па якой можна даведацца аб наяўнасці свабодных месцаў у гасцініцах, інтэрнатах і хостэлах, высветліць іншыя пытанні.

Плануецца адкрыць тры турыстычных інфармацыйных цэнтра – каля ратушы, на вуліцы Пушкіна і ў Задзвінні – дзе можна будзе азнаёміцца з культурнымі і экскурсійнымі праграмамі. Валанцёры з ліку студэнтаў гістарычнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава гатовыя стаць гідамі для гасцей Віцебска.

Удзельнікаў «Славянскага базару» будуць абслугоўваць 32 аб'екты грамадскага харчавання, дзе можна разлічвацца фестывальнай валютай – «васількамі». Госці з іншых краін змогуць скарыстацца меню на англійскай мове, афіцыянты таксама трохі вывучылі замежную мову.

Акрамя таго, у горадзе на 10 км расцягнуцца гандлёвыя рады, запросяць перакусіць і атрымаць асалоду ад выступлення народных калектываў падворкі ўсіх раёнаў Віцебшчыны.

Адрэмантаваны ўсе аб'екты, дзе будуць праходзіць асноўныя мерапрыемствы, а гэта Летні амфітэатр, Канцэртная зала «Віцебск», філармонія, абодва тэатры (Коласаўскі і «Лялька»), будынак дырэкцыі фестывалю. На плошчы Перамогі маштабна пройдзе моладзевае свята, якое ўпершыню зойме не адзін, а два дні. Пра культурную праграму расказаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. На аргкамітэце таксама выступілі іншыя кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, якія запэўнілі, што XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў пройдзе на высокім узроўні.

– Віцебск гатовы сустрэць маштабны культурны форум, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі 37 краін, у тым ліку высокія госці. Гэта сведчыць аб тым, што наш «Славянскі базар» запатрабаваны, вядомы, ён з'яўляецца візітнай карткай і Віцебска, і Беларусі, – падсумаваў Васіль Жарко пасля наведвання галоўных фестывальных аб'ектаў.

Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцяпанішчава. "Віцебскія весці".