Віцебск і Архангельск стануць партнёрамі на XI Міжнародным эканамічным форуме «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы»

Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскам і Архангельскам плануецца заключыць на пляцоўцы XI Міжнароднага эканамічнага форуму «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы», які пройдзе ў Віцебску 18-19 мая.

Як паведаміла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, усяго ў рамках галоўнай эканамічнай падзеі Віцебшчыны рыхтуюцца да падпісання 6 рознафарматных дакументаў аб развіцці міжрэгіянальнага партнёрства, а таксама аб узаемадзеянні паміж прадпрыемствамі, установамі адукацыі Віцебшчыны і рэгіёнамі Расіі і Кітая. У прыватнасці, новым партнёрам Глыбоцкага райвыканкама гатова стаць адміністрацыя муніцыпальнага ўтварэння «Севера-Байкальскі раён» Рэспублікі Бурація, прычым афіцыйнае афармленне дагаворных адносін плануецца правесці ў рэжыме анлайн.

Усяго пацвердзілі ўдзел у форуме прадстаўнікі 9 краін, у тым ліку Расіі, Кітая, Узбекістана, Ірана, Індыі, ААЭ, В'етнама, Пакістана, Турцыі. Больш за 100 прадпрыемстваў і 10 навучальных устаноў Віцебшчыны прадставяць свой патэнцыял на экспазіцыі, якая разгорнецца на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра. Агульная колькасць зарэгістраваных анлайн і афлайн удзельнікаў пераваліла за 1 тыс. чалавек.