Віцебск і кітайскі горад Цзінань маюць намер стаць гарадамі-пабрацімамі
9 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Афіцыйная дэлегацыя кітайскага горада Цзінань наведае Віцебск 10 красавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні эканомікі гарвыканкама. Дэлегацыю ўзначальвае намеснік начальніка пастаяннага камітэта Збору народных прадстаўнікоў гэтага горада Му Луян.
Плануецца падпісанне пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Віцебскам і Цзінанем з мэтай ажыццяўлення абменаў і супрацоўніцтва па розных напрамках і сферах дзейнасці. Дакумент будзе падпісаны ў развіццё мемарандума аб супрацоўніцтве, устаноўленага паміж гарадамі ў 2006 годзе.
У праграме візіту кітайскай дэлегацыі таксама наведванне Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Летняга амфітэатра і музея-сядзібы Ільі Рэпіна "Здраўнёва". Акрамя таго, госці з Паднябеснай прымуць удзел у адкрыцці выставы дзіцячай творчасці ў цэнтры эстэтычнага выхавання "Маладзік" дзіцячай школы мастацтваў №3, пазнаёмяцца з беларускімі народнымі традыцыямі ў гарадскім цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінне".-0-