Віцебск і кітайскі Цзінань гатовыя пашыраць супрацоўніцтва ў эканоміцы, культуры, адукацыі і спорце
10 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебск і кітайскі горад Цзінань гатовы пашыраць узаемныя кантакты ў розных сферах і развіваць супрацоўніцтва на новым, больш высокім узроўні. Аб гэтым заявіў сёння намеснік начальніка пастаяннага камітэта Збору народных прадстаўнікоў кітайскага горада Му Луян пасля цырымоніі падпісання пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж гарадамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аснову ўзаемаадносін паміж беларускім і кітайскім гарадамі заклалі паспяхова развіваючыяся кантакты ў сферы адукацыі, адзначыў Му Луян. Падпісаны дакумент будзе садзейнічаць пашырэнню ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва паміж Віцебскам і Цзінанем у розных сферах, асабліва ў эканоміцы, культуры і спорце, лічыць ён. "Гэта адпавядае інтарэсам нашых народаў", - падкрэсліў Му Луян.
Пагадненне аб партнёрстве дазволіць гарадам перайсці да рэалізацыі канкрэтных праектаў, перш за ўсё ў адукацыйнай сферы, сказаў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Леанід Кавалёў. Дакумент прадугледжвае правядзенне сумеснх спартыўных спаборніцтваў, абмен вопытам медыцынскіх работнікаў, выкладчыкаў і трэнераў, а таксама ўзаемныя візіты дэлегацый навучэнцаў. Акрамя таго, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны зацікаўлена ў прыёме кітайскіх студэнтаў. Госці атрымалі прапанову прапрацаваць пытанне па прыцягненні кітайскага капіталу для стварэння ў абласным цэнтры аздараўленчага цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны. У 2009 годзе ў Віцебску плануецца правядзенне сумеснaга маладзёжнага форуму творчасці моладзі "Беларусь-Кітай" з удзелам моладзі горада Цзінань. Кітайскія школьнікі стануць гасцямі міжнароднага дзіцячага пленэру "Віцебск - горад Марка Шагала" у ліпені-жнiўнi 2009 года.
Кітайскія партнёры запрасілі дэлегацыю Віцебска на міжнародную выставу "Садаводства", якая пройдзе ў верасні гэтага года ў Цзінані, і гатовы прадаставіць каля 3 тыс. кв.м выставачнай плошчы для арганізацыі беларускай экспазіцыі. Кітайскія госці гатовы таксама прыняць прадстаўнікоў Віцебска на Міжнародным дзіцячым фестывалі ў ліпені 2009 года.
У ходзе аднадзённага візіту кітайская дэлегацыя наведае Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Летні амфітэатр і музей-сядзібу Ільі Рэпіна "Здраўнёва". Госці з Паднябеснай прымуць удзел у адкрыцці выставы малюнка і дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Беларусь-Кітай" у цэнтры эстэтычнага выхавання "Маладзік" дзіцячай школы мастацтваў №3, пазнаёмяцца з беларускімі народнымі традыцыямі ў гарадскім цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінне".-0-