Віцебск і кітайскі Харбін сталі гарадамі-пабрацімамі

17 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебск і кітайскі Харбін усталявалі пабрацімскія адносіны. Пагадненне аб гэтым было падпісана сёння ў Віцебску старшынёй гарсавета дэпутатаў Мікалаем Арловым і намеснікам старшыні Народнага ўрада Харбіна Ван Лі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Ван Лі, гэта першы афіцыйны візіт дэлегацыі Харбіна ў Віцебск. "Нам яшчэ трэба азнаёміцца з горадам, яго магчымасцямі, вызначыць кола канкрэтных праектаў для далейшай сумеснай працы ў розных галінах, - адзначыла намеснік старшыні Народнага ўрада Харбіна. - Разам з тым шмат агульнага ў Віцебска і Харбіна знойдзецца ў сферы адукацыі, культуры, спорту. Прыярытэтнае значэнне надаецца таксама гандлёва-эканамічным адносінам. Супрацоўніцтва ў гэтым напрамку пойдзе на карысць развіццю нашых рэгіёнаў і дапаможа палепшыць сітуацыю, у якой апынуліся нашы краіны з-за сусветнага фінансавага крызісу". З мэтай усталявання эканамічных кантактаў Віцебск атрымаў запрашэнне прыняць удзел у 20-й юбілейнай Харбінскай міжнароднай гандлёва-эканамічнай кірмашы, якая пройдзе ў чэрвені. Пакуль жа госці з Паднябеснай азнаёмяцца з магчымасцямі арганізацыі і вядзення бізнесу ў свабоднай эканамічнай зоне "Віцебск" на прыкладзе яе прадпрыемства-рэзідэнта "Фортэкс - водныя тэхналогіі". Свае прапановы па супрацоўніцтве ім прадставяць Віцебскі лікёра-гарэлачны завод і ААТ "Малако". Дэлегацыя Харбіна таксама наведае Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава і некаторыя культурныя аб'екты абласнога цэнтра. Харбін стаў другім кітайскім горадам - пабрацімам Віцебска. З ім яшчэ толькі трэба намяціць канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва. У той жа час з Дзінанем, пагадненне аб пабрацімстве з якім было падпісана ў пачатку красавіка гэтага года, ужо склалася пэўная база для сумеснай працы. У прыватнасці, падчас візіту дэлегацыі гэтага кітайскага горада былі дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні ў Віцебску аздараўленчага цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны і ўшу, а таксама аб удзеле школьнікаў Дзінаня ў міжнародным дзіцячым пленэры "Віцебск - горад Марка Шагала" у ліпені-жнівень гэтага года. Віцябляне, у сваю чаргу, атрымалі запрашэнне на міжнародную выстаўку "Садаводства" і міжнародны дзіцячы фестываль у горадзе-пабраціме.-0-