Віцебск і Лейпцыг плануюць заключыць дагавор аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве

20 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве плануюць заключыць Віцебск і Лейпцыг (Германія) летам бягучага года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязей камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Ксенія Зябкіна, каментуючы вынікі візіту дэлегацыі Віцебскай вобласці ў Германію, які завяршыўся 17 красавіка. Папярэдняя дамоўленасць аб гэтым дасягнута на перамовах кіраўніцтва аблвыканкама і мэрыі нямецкага горада. Праект пагаднення перададзены нямецкаму боку з прапановай падпісаць яго падчас міжнароднага інвестыцыйнага форуму ў Віцебску ў ліпені бягучага года. Акрамя таго, кіраўніцтва вобласці прапанавала нямецкаму боку вывесці на новы ўзровень гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Віцебскай вобласцю і зямлёй Саксонія падпісаннем адпаведнай дамовы. Падчас візіту адбылася прэзентацыя эканамічных магчымасцей Віцебска і Віцебскай вобласці, інвестыцыйных праектаў, якія прапануюцца для рэалізацыі з удзелам нямецкага капіталу. Цікавасць да мерапрыемства, якое было арганізавана ў бізнес-цэнтры "Максіком", праявілі прадстаўнікі больш як 50 нямецкіх прадпрыемстваў і кампаній. Пратаколы аб намерах па гандлёва-інвестыцыйным супрацоўніцтве з нямецкімі партнёрамі былі падпісаны Обальскім керамічным заводам, Віцебскім кандытарскім камбінатам "Віцьба", Віцебскім мясакамбінатам і іншымі прадпрыемствамі вобласці. Установа аховы здароўя "Другая Віцебская абласная клінічная бальніца" будзе супрацоўнічаць з бальніцай Святога Георга (Лейпцыг) у гуманітарнай і сацыяльнай сферах. Магчымасць арганізацыі выставы-прэзентацыі нямецкіх вытворцаў у Віцебску абмяркоўвалася на перамовах з кіраўніцтвам Лейпцыгскага кірмашу. Віцябляне зацікавіліся ўкараненнем нямецкіх тэхналогій у камунальную інфраструктуру гарадоў Віцебскай вобласці, азнаёміліся з працай буйных прадпрыемстваў Лейпцыга, у тым ліку тых, што вырабляюць легкавыя аўтамабілі, мэблю, харчовую прадукцыю. У склад дэлегацыі Віцебскай вобласці ўвайшлі прадстаўнікі больш як 20 прадпрыемстваў і арганізацый вобласці. Арганізатарамі візіту выступілі Віцебскі аблвыканкам, Віцебскае аддзяленне БелГПП пры падтрымцы прадстаўніцтва БелГПП у ФРГ.-0-