Віцебск і Цзінань вызначылі асноўныя напрамкі супрацоўніцтва да 2020 года
Дакумент падпісалі старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белявіч і старшыня пастаяннага камітэта збору народных прадстаўнікоў горада Цзінань Інь Луцянь. Як адзначыў кіраўнік кітайскай дэлегацыі, у апошнія гады супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца вельмі актыўна па многіх напрамках дзякуючы плённым кантактам на вышэйшым дзяржаўным узроўні. "Задача прадстаўнікоў мясцовай улады Беларусі і Кітая - паспяхова рэалізоўваць дасягнутыя дамоўленасці паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў", - сказаў Інь Луцянь і прапанаваў сфарміраваць дарожную карту-2020 узаемадзеяння паміж гарадамі па некалькіх найбольш важным напрамках.
Віцебск і Цзінань маюць вялікі патэнцыял для паглыблення прамысловай кааперацыі, бо валодаюць развітой індустрыяй і падрыхтаванымі кадрамі. У гэтым напрамку перспектыўнымі сферамі могуць стаць цяжкая і лёгкая прамысловасць, станкабудаванне, лагістыка, інфармацыйныя тэхналогіі, а таксама вытворчасць медыцынскага абсталявання і фармацэўтыка. Акрамя таго, у Цзінані, дзе пражываюць больш за 7 млн чалавек, ёсць устойлівы попыт на якасныя тавары, што адкрывае велізарныя магчымасці для віцебскіх вытворцаў. У высокай якасці віцебскіх тавараў, у прыватнасці абутку і прадуктаў харчавання, члены кітайскай дэлегацыі пераканаліся падчас цяперашняга візіту. Для актывізацыі ўзаемадзеяння кітайскія партнёры прапанавалі ўсталяваць пастаянны канал сувязі паміж адміністрацыямі двух гарадоў, а таксама актывізаваць абмен дэлегацыямі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый.
"У Кітаі кажуць, што сваякі становяцца бліжэй, калі часцей размаўляюць", - заўважыў Інь Луцянь. Акрамя таго, неабходна развіваць праекты ў гуманітарнай сферы, робячы акцэнт на пашырэннікантактаў паміж спецыялістамі ў розных галінах, абменных візітах, узаемным удзеле ў культурных, адукацыйных праектах.
Кітайскія партнёры гатовыя накіраваць сваіх прадстаўнікоў на міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", пры гэтым запрасілі віцебскую дэлегацыю на фестывалі ў Цзінань. Для ўмацавання супрацоўніцтва ў галіне адукацыі Інь Луцянь прапанаваў два праекты: стыпендыі для студэнтаў, якія штогод выдзяляюцца для гарадоў-пабрацімаў Цзінаня, а таксама летнія школы для навучэнцаў сярэдніх школ, падчас працы якіх дзеці атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з кітайскай культурай і ладам жыцця. Для таго каб задзейнічаць турыстычны патэнцыял двух гарадоў, трэба стварыць сумесны турыстычны прадукт, які, як лічыць Інь Луцянь, будзе карыстацца вялікай папулярнасцю ў кітайскіх грамадзян. Падчас двухдзённага візіту дэлегацыя Цзінаня наведае шэраг прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама пазнаёміцца з культурнымі і гістарычнымі славутасцямі Віцебска. Пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Віцебскам і Цзінанем падпісана ў красавіку 2009 года.