Віцебск можа стаць пастаяннай пляцоўкай для фестываляў "Газпрама"

Віцебск можа стаць пастаяннай фестывальнай пляцоўкай "Газпрама". Аб гэтым заявіў журналістам старшыня праўлення ААТ "Газпрам" Аляксей Мілер увечары 14 мая ў Віцебску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню карпаратыўнага фестывалю "Факел", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Прымаючы рашэнне аб правядзенні "Факела" ў Віцебску, кіраўніцтва кампаніі "Газпрам" асобна агаворвала, што пры выстаўленні па выніках яго правядзення гораду ацэнкі "выдатна" будзе разглядацца магчымасць далейшага правядзення фестывалю ў Беларусі", - сказаў Аляксей Мілер.

Сёлета карпаратыўны фестываль "Факел" самадзейных творчых калектываў і выканаўцаў даччыных таварыстваў і арганізацый ААТ "Газпрам" упершыню праходзіць у Беларусі. Правядзенне яго тут стала магчымым дзякуючы ўваходжанню "Белтрансгаза" у склад "Газпрама" у якасці даччынай кампаніі "Газпрам трансгаз Беларусь". Выбар Віцебска ў якасці асноўнай канцэртнай пляцоўкі абумоўлены шэрагам фактараў. "Горад мае вельмі моцныя фестывальныя традыцыі. У яго ёсць вопыт правядзення вялікіх мерапрыемстваў высокага ўзроўню, развітая адпаведная сетка інфраструктуры, якая за кароткі прамежак часу была прыведзена ў адпаведнасць з нашымі патрабаваннямі, а яны самыя высокія", - падкрэсліў Аляксей Мілер. Ён таксама адзначыў, што сёння "Факел" - гэта форум міжнароднага ўзроўню, у якім прымаюць удзел прадстаўнікі з Францыі, Славеніі, Аўстрыі і Кітая. Фестываль мае масавы характар, накіраваны на ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, спрыяе захаванню і развіццю нацыянальнага мастацтва, закліканы падтрымліваць маладыя таленты і наватарства ў галіне культуры. Яго правядзенне ў Віцебску, несумненна, паслужыць умацаванню дружбы брацкіх народаў, перакананы кіраўнік "Газпрама".

Увагу на высокім узроўні тэхнічнага забеспячэння фестывалю акцэнтаваў таксама першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. Паводле яго слоў, нягледзячы на званне культурнай сталіцы Беларусі і шматгадовы вопыт правядзення розных фестываляў, да прыёму гасцей і ўдзельнікаў "Факела" Віцебск рыхтаваўся з асаблівай стараннасцю і дбайнасцю. На падрыхтоўку і прывядзенне ў парадак інфраструктуры, канцэртных пляцовак, гасцініц быў накіраваны значны аб'ём інвестыцый. Уладзімір Сямашка адзначыў таксама аднадушнасць і аператыўнасць пры вырашэнні ўсіх пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай горада да фестывалю, з боку "Газпрама".

Заключны тур V Карпаратыўнага фестывалю "Факел" ААТ "Газпрам" праходзіць у Віцебску 13-19 мая. Паводле слоў намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Цярэнцева, у гэтыя дні горад прымае 2,7 тыс. гасцей, у тым ліку 1,3 тыс. удзельнікаў форуму, якія пражываюць у Віцебску, Оршы, Полацку, Наваполацку, Віцебскім і Гарадоцкім раёнах. "За кароткі прамежак часу па падрыхтоўцы горада мы паспелі зрабіць вельмі многае. Гэта была добрая, дакладная, зладжаная праца Віцебскага аблвыканкама, гарвыканкама, ААТ "Газпрам" і ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь", - дадаў Уладзімір Цярэнцеў, выказаўшы падзяку "Газпраму" за фінансавую дапамогу ў падрыхтоўцы форуму.

БЕЛТА