Віцебск адзначыў гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Чырвонаармейцы ў канцы чэрвеня 1944 года фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і пачалі штурм заходняй часткі абласнога цэнтра. Усю ноч з 25 на 26 чысло байцы-вызваліцелі вялі жорсткія баі, выбіваючы гітлераўцаў з дамоў, сутарэнняў і сховішчаў.
Да раніцы Віцебск быў цалкам ачышчаны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ад горада практычна нічога не засталося: разбураныя будынкі, пустыя вуліцы. Але галоўнай мэты — свабоды ад ворагаў — удалося дасягнуць. Гэты дзень стаў важнай датай у жыцці тагачаснага пакалення віцябчан, якія нанова прывыкалі да мірных будняў і аднаўлялі свой горад са збурэнняў. Таму сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем подзвігі герояў, якія загінулі ў бітвах.
Традыцыйна ў гадавіну вызвалення Віцебска праходзіць ускладанне кветак і вянкоў да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Удзел у ім прынялі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін. Таксама на плошчы Перамогі сабраліся прадстаўнікі гарадскіх уладаў, грамадскіх арганізацый і духавенства, сотні гараджан. Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.