Віцебск адзначыць 23 лютага open air праграмай з удзелам вайскоўцаў

Свята пад адкрытым небам з удзелам вайскоўцаў, спартсменаў і кадэтаў пройдзе ў Віцебску ў Дзень абаронцаў Айчыны, паведамілі ў Віцебскім гарвыканкаме. Вялікая ваенна-патрыятычная культурна-спартыўная праграма стартуе на плошчы Перамогі з ускладання кветак і вянкоў да манумента воінам-вызваліцелям і затым на тры гадзіны ўцягне гараджан і гасцей у масавыя мерапрыемствы. 

"Упершыню свята, якое 23 лютага звычайна праходзіла за брамай 103-й мабільнай брыгады, арганізавана ў проста вялікім маштабе. Каробкі некалькіх батальёнаў пройдуць урачыстым маршам, рота ганаровай варты выступіць з аркестрам, будуць разгорнуты палявая кухня з салдацкай кашай і, вядома, выстава ваеннай тэхнікі і ўзбраення, дзе ўсё можна пакратаць, сфатаграфаваць і нават патрэніравацца ў зборцы-разборцы аўтамата Калашнікава", - растлумачылі ў гарвыканкаме. Гледачоў чакаюць паказальныя выступленні вайскоўцаў: па тэхніцы рукапашнага бою, вызваленні заложнікаў і, калі пашанцуе з надвор'ем, дэсантаванні парашутыстаў з самалёта прама на плошчу. Юныя абаронцы Айчыны - навучэнцы Віцебскага кадэцкага вучылішча - таксама падрыхтавалі сюрпрыз. Фізічную форму і талент прадэманструюць і спартсмены горада. Між тым на сцэне плошчы Перамогі забаўляць публіку будуць артысты мастацкіх калектываў. Таксама адбудзецца ўзнагароджанне лепшых афіцэраў граматамі і падзякамі абласнога і гарадскога выканкамаў, камандавання брыгады. Чакаецца, што ў праграме возьмуць удзел больш за тысячу чалавек: вайскоўцы, спартсмены, кадэты, навучэнцы школ, гімназій, Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Акрамя таго, у гэты дзень будзе ўрачыста адкрыта памятная дошка мараку-падводніку, капітану 1-га рангу, Герою Савецкага Саюза Самуілу Багораду, а ў канцэртнай зале "Віцебск" адбудуцца ўрачысты сход і святочны канцэрт.

Кацярына Князева, БЕЛТА.

Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».