Віцебск адзначыць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Витебск отпразднует День Независимости Республики Беларусь

Шырокая і насычаная разнастайнымі мерапрыемствамі праграма чакае жыхароў Віцебска ў сувязі са святкаваннем Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 71-й гадавіны вызвалення Віцебшчыны і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Галоўным мерапрыемствам 3 ліпеня ў горадзе стане мітынг і ўрачыстае ўскладанне вянкоў і кветак да Манумента воінам-вызваліцелям на плошчы Перамогі, якое адбудзецца а 10.00.

Урачыстае мерапрыемства завершыцца праходжаннем парадных разлікаў салдат і афіцэраў войскаў Віцебскага гарнізона.

А 10.20 на мемарыяльнай частцы плошчы Перамогі пачнуцца паказальныя выступленні спартсменаў - парашутыстаў Віцебскага аэраклуба ім. А.К. Гаравца. Неаднаразовыя пераможцы і ўдзельнікі чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь і Узброеных Сіл пакажуць сваё майстэрства.

Яркай падзеяй стануць паказальныя выступленні вайскоўцаў 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады. Арэнай дзеянняў стане мост ім. Блахіна і акваторыя ракі Заходняя Дзвіна.

Упершыню будуць прадстаўлены элементы заняткаў па ваджэнні баявых машын з пераадоленнем воднай перашкоды. Форсіраванне ракі Заходняя Дзвіна ажыццявяць ваенныя падраздзяленні БТР – 80 з баявым эпізодам «Знішчэнне лагера ўмоўнага праціўніка».

А 11.00 на вул. Замкавай адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак да бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы П.М. Машэрава, а а 11.30 на Маскоўскім праспекце адкрыюць мемарыяльную дошку Герою Савецкага Саюза Л.Н. Філіпенку.

З 12.00 да 14.00 па адрасе пр-т Фрунзе, 41б пройдзе Дзень адкрытых дзвярэй у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе, дзе будуць прадстаўлены на агляд паветрана-дэсантная тэхніка і ўзбраенне, шматмэтавы комплекс узораў ваеннай формы адзення.

Вайскоўцы падрыхтавалі плац-канцэрт штатнага роты ганаровай варты, дэфіле ваеннага аркестра, паказальныя выступленні па рукапашным баі, заняткі па паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы, пераадоленне агульнавайсковай паласы перашкод. Ахвотныя змогуць наведаць музей Баявой Славы злучэння.

На пл. Перамогі з 11.00 да 16.00 адбудзецца святочны канцэрт. Лепшыя творчыя калектывы вобласці і горада створаць святочную атмасферу для адпачываючай публікі.

З 19.00 вячэрняе аддзяленне канцэрта «За моцную і квітнеючую Беларусь» працягнецца ў больш шырокім фармаце, з удзелам вядомых выканаўцаў, у тым ліку расійскага спевака Вячаслава Малежыка.

Завершыцца дзеянне ў 22.55 на высокай патрыятычнай ноце сумесным гімнам Рэспублікі Беларусь, які Віцебск выканае разам з усёй краінай.

У 23.00 неба над горадам расквітнее агнямі святочнага салюту.

У гэты дзень мерапрыемствы таксама пройдуць у парках і мікрараёнах Віцебска.