Віцебск падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Белаярскім раёнам Цюменскай вобласці

Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскам і муніцыпальным утварэннем Белаярскі раён Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі – Югры (Цюменская вобласць, Расійскай Федэрацыі) падпісана 23 сакавіка ў Віцебскім гарвыканкаме.

Падобныя дагаворы аб'ядноўваюць абласны цэнтр яшчэ з 8 гарадамі Расіі і адкрываюць шырокія магчымасці для наладжвання сувязяў у гандлёвай, эканамічнай, культурнай, адукацыйнай, навуковай і іншых сферах дзейнасці.

Суб'екты Расійскай Федэрацыі з'яўляюцца асноўнымі знешнегандлёвымі партнёрамі Віцебска. Тавараабарот паміж абласным цэнтрам і рэгіёнамі суседняя краіны за 2015 год склаў больш за 582 млн долараў, і ў параўнанні з 2014-м павялічыўся амаль на 67% (дзельная вага ў агульным аб'ёме знешнегандлёвага абароту – 85%).

Тавараабарот паўночнай сталіцы Беларусі з Цюменскай вобласцю пакуль усяго 1%. З Віцебска на экспарт ідуць абутак, кабель, дэталі і вузлы нафтагазавага абсталявання, дываны і дывановае пакрыццё. Імпартуем у асноўным звадкаваныя нафтавыя газы.

Алена Алімава. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».