Віцебск пагрузіўся ў атмасферу XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Витебск погрузился в атмосферу XI Форума регионов Беларуси и России
Магчыма, упершыню ў яго гісторыі горад адначасова прымае такую колькасць высокіх гасцей — на мерапрыемстве працуюць члены Савета Рэспублікі і іх расійскія калегі, усе старшыні беларускіх аблвыканкамаў, а таксама шэсць дзясяткаў афіцыйных дэлегацый расійскіх рэгіёнаў, з якіх прыкладна чвэрць узначальваюць губернатары.

З Віцебшчыны пачынаецца адлік другога дзесяцігоддзя ў біяграфіі знакавага мерапрыемства, прызначанага садзейнічаць умацаванню рэгіянальнага ўзаемадзеяння дзвюх краін у фармаце Саюзнай дзяржавы. Па ацэнцы старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай, у рамках форуму чакаецца падпісанне 165 пагадненняў аб супрацоўніцтве, а таксама больш за сотню камерцыйных кантрактаў на суму звыш 30 мільярдаў расійскіх рублёў. Правядзенне форуму на віцебскай зямлі стварае для рэгіёну шырокія магчымасці для ўмацавання ўжо існуючых сувязяў, павышэння эфектыўнасці міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння і ўстанаўлення новых кантактаў, лічыць старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Парадак дня

Цэнтральная тэма віцебскага форуму — пабудова інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы. У сувязі з новымі геапалітычнымі рэаліямі яна набывае асаблівае гучанне, а ўкараненне інавацый становіцца агульным вектарам развіцця дзвюх краін.
Архітэктура дзелавога парадку дня форуму ўключае дзевяць секцый у Віцебску, Полацку, Наваполацку і Віцебскім раёне, у якіх удзельнічаюць сумарна каля 800 чалавек. Акрамя таго, арганізаваны сумесным пасяджэнне гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін, спецыяльная панэльная сесія кантрольных ведамстваў і сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Беларусі і Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.


Прэзентацыі

Паралельна працуюць традыцыйныя выставачныя праекты форуму. Тры з іх прымае абноўленая пляцоўка культурна-спартыўнага комплексу Летняга амфітэатра. Дарэчы, тут жа арганізуюцца выступленні расійскіх і беларускіх творчых калектываў.

І паўтонны герб…

У прэзентацыі рэгіёнаў прадстаўлены ўсе беларускія вобласці і госці з Расіі — Валгаградская, Пскоўская, Саратаўская, Смаленская вобласці, Рэспубліка Башкартастан, Рэспубліка Бурація. Дарэчы, адным з элементаў экспазіцыі Віцебшчыны ў дні, калі адзначаецца 1050-годдзе абласнога цэнтра, выступае двухметровы бронзавы герб Віцебска вагой у паўтоны. Спецыяльна з такой нагоды геральдычны сімвал, створаны скульптарам Валерыем Могучым у год 400-годдзя атрымання горадам Магдэбургскага права, пакінуў сцены гарадской ратушы з дапамогай супрацоўнікаў ПАСА «Віцязь».

Адной з цэнтральных пляцовак форуму з'яўляецца абноўленая канцэртная зала «Віцебск». Магчыма, не толькі гасцям горада, але і яго жыхарам будзе цікава азнаёміцца з выставай «Віцебск гістарычны». Экспазіцыя размясцілася на падыходзе да КЗ — на спецыяльных канструкцыях, размешчаных на мосце 1000-годдзя Віцебска.
Кульмінацыяй форуму стане сустрэча Наталлі Качанавай і старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціны Матвіенкі з кіраўнікамі рэгіёнаў Беларусі і суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, пленарнае пасяджэнне, а таксама падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве, якія пройдуць 28 чэрвеня ў КЗ «Віцебск».