Віцебск, Полацк і Ворша выйшлі ў 2012 годзе на зарплату $500 у эквіваленце, Наваполацк - $700
Усе гарады абласнога падпарадкавання Віцебскай вобласці выйшлі ў 2012 годзе на ўзровень заработнай платы $500 у эквіваленце. Пра гэта паведаміў сёння старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў на выніковай калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, сярэднямесячная заработная плата за студзень-снежань і снежань 2012 года склала адпаведна Br3,4 млн. і Br4,2 млн. і павялічылася да адпаведнага перыяду 2011 года ў 2 і 1,6 раза. У бюджэтнай сферы і арганізацыях камунальнай уласнасці яна ўзрасла ў 1,9 раза. Тэмп росту рэальнай заработнай платы склаў 122% і 134% адпаведна. У снежні ў параўнанні са студзенем 2012 года яна павялічылася на 39%.
У снежні 2012 года Віцебск, Орша, Полацк выйшлі на ўзровень заработнай платы, эквівалентнай $500, а Наваполацк перасягнуў мяжу ў $700 у эквіваленце. У сельскагаспадарчых раёнах сярэднямесячная заработная плата вагаецца ад $406 у Бешанковіцкім да $480 у Аршанскім раёнах.
Сістэмная праца з арганізацыямі з узроўнем заработнай платы менш за $200 у эквіваленце і якія знаходзяцца ў зоне рызыкі дазволіла скараціць іх колькасць з 450 у снежні 2011 года да 19 у снежні 2012-га.
Аляксандр Хрыстафораў адзначыў, што ў мінулым годзе ў рэгіёне была працягнута праца па ўкараненні ў камерцыйных арганізацыях гнуткіх сістэм аплаты працы. Асноўны акцэнт у гэтым напрамку зроблены на метадалагічнае суправаджэнне суб'ектаў гаспадарання, якія ўкараняюць новыя формы і сістэмы аплаты працы. У параўнанні з пачаткам года колькасць такіх арганізацый у рэгіёне павялічылася ў 3,5 раза і склала на 1 студзеня 2013 года 365.
У мэтах захавання парытэту тэмпаў росту прадукцыйнасці працы і заработнай платы былі прыняты канкрэтныя меры па павышэнні адказнасці кіраўнікоў за выкананне паказчыкаў эфектыўнасці работы арганізацый, якія дазваляюць узмацніць залежнасць росту заработнай платы работнікаў ад вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці арганізацый. У прыватнасці, у кантракты 464 кіраўнікоў арганізацый камунальнай уласнасці ўнесены змяненні, якія прадугледжваюць устанаўленне мер заахвочвання і адказнасці гэтых кіраўнікоў за выкананне паказчыкаў па чыстым прыбытку, рэнтабельнасці продажаў, прадукцыйнасці працы, зніжэння матэрыялаёмістасці прадукцыі, тавараў (работ, паслуг).
Аблвыканкамам прынята адпаведнае распараджэнне па ўзмацненні падыходаў да фарміравання памераў зарплаты кіраўнікоў арганізацый, якія не забяспечваюць сярэднюю заработную плату па арганізацыі на ўзроўні сярэдняй па галіне. "Такі падыход дазволіў у 2012 годзе павысіць узровень аплаты працы асноўным катэгорыям работнікаў камерцыйных арганізацый, максімальна мінімізаваць колькасць арганізацый з нізкім узроўнем заработнай платы", - падкрэсліў старшыня камітэта.
Асаблівая ўвага ва ўмовах лібералізацыі эканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый надавалася захаванню наймальнікамі дзяржаўных гарантый у аплаце працы. У 2012 годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 13 юрыдычных і 173 службовыя асобы, якія дапусцілі парушэнні тэрмінаў выплаты зарплаты, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі. Сума штрафаў склала каля Br90 млн.
У 2013 годзе ў цэлым па вобласці прагназуецца дасягненне тэмпаў росту сярэднямесячнай заработнай платы не ніжэй за 166%, у бюджэтнай сферы - 126%. У снежні рэгіён павінен выйсці на заработную плату не менш за $800 у эквіваленце, што ў 1,7 раза перавысіць узровень снежня 2012 года, заключыў Аляксандр Хрыстафораў.
"Задачы па заработнай плаце, пастаўленыя на бягучы год, вельмі сур'ёзныя. І для іх вырашэння ўсе рэгіёны вобласці павінны мець канкрэтныя планы і адказна ставіцца да гэтай работы", - падкрэсліў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік, які прымае ўдзел у рабоце калегіі.