Віцебск наведала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дамінік Газюі
Гэта першы прыезд у наш рэгіён новага кіраўніка дыпламатычнага корпуса, прызначанага на гэту пасаду восенню мінулага года. Віцебск, як падкрэсліў на сустрэчы спадарыні Дамінік Газюі з кіраўніцтвам вобласці і горада намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, хоць і знаходзіцца на поўначы Беларусі, людзі тут жывуць шчырыя, гасцінныя, і заўсёды з асаблівай цеплынёй сустракаюць гасцей. У гэтым змагла пераканацца пасол краіны, з якой у Віцебска асаблівыя адносіны, перш за ўсё ў сферы культуры. Тэма супрацоўніцтва ў праектах, звязаных з імем Марка Шагала, гучала падчас дзелавой размовы ў аблвыканкаме. Французскі бок мог бы прыняць удзел у стварэнні квартала мастака, фарміраванні экспазіцыі заснаванай ім у пачатку мінулага стагоддзя мастацкай школы, цяпер музея сучаснага мастацтва.
Разглядаліся таксама пытанні гандлёва-эканамічных адносін. На працягу апошніх 5 гадоў яны стабільныя, штогадовы таваразварот паміж Прыдзвінскім краем і Францыяй складае 20-25 млн долараў. У 2014-м павялічыліся нашы пастаўкі драўніны, ільняных тканін, увозім мы хімічныя рэагенты, абсталяванне, лекавыя прэпараты. Але пакуль на Віцебшчыне няма ніводнага прадпрыемства з удзелам французскага капіталу.
Для замежных інвестараў вялікія прывілеі дае свабодная эканамічная зона «Віцебск». Наведванне прадпрыемстваў, якія там працуюць, уваходзіла ў праграму візіту пасла. Дамінік Газюі пабывала на некалькіх прадпрыемствах-рэзідэнтах СЭЗ. Яе асабліва ўразілі сучасныя вытворчасці на СТАА «Фортэкс – Водныя тэхналогіі» і ТАА «Белль Бімбо».
Адзін з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва – ільнопрадпрыемства. Францыя мае досвед вырошчвання гэтай культуры ў іншых краінах, яна вырабляе якаснае абсталяванне. У нас – найбуйнейшы ў Беларусі ільнакамбінат і плошчы, на якіх можна супольна вырошчваць дабраякасную сыравіну. Прапрацоўваюцца праекты ў галіне лагістыкі, іншых сферах. Варта падумаць і аб павелічэнні колькасці французскіх гарадоў-пабрацімаў, пакуль такія ёсць у Оршы, Глыбокага і два ў Наваполацка.
Усе гэтыя тэмы былі закрануты на сустрэчы ў аблвыканкаме, на якой прысутнічаў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, які расказаў аб прывабнасці горада на Дзвіне.
Спадарыня Дамінік Газюі таксама наведала гімназію №9 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы, Мастацкі музей, а сёння пабывае ў Арт-цэнтры і доме-музеі Марка Шагала.
Таццяна Пастарнак, "Віцебскія весці"