Віцебск прапануе гарадам-партнёрам стварыць Сетку гарадоў у Інтэрнэце
14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебск прапануе гарадам-партнёрам стварыць Сетку гарадоў у Інтэрнэце. Прэзентацыя праекта пройдзе на міжнародным інвестыцыйным форуме ў Віцебску, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела эканомікі Віцебскага гарвыканкама Алена Жураўлева.
Праект прадугледжвае стварэнне старонак аб гарадах-партнёрах з інфармацыяй, карыснай і неабходнай шырокаму колу карыстальнікаў: ад цікаўных турыстаў да сур'ёзных бізнесменаў. Першымі ўдзельнікамі сеткі сталі латвійскія гарады Даўгаўпілс і Валміера. Гэта будзе не адзіны праект інвестыцыйнага форуму, які зацікавіць гасцей, упэўнена Алена Жураўлева.
Свае праекты на форуме прадставяць фармацэўтычнае прадпрыемства, ААТ "Даламіт", прадпрыемствы мясамалочнай прамысловасці. Выставачныя ўзоры прадукцыі прадпрыемстваў швейнай прамысловасці Віцебска можна будзе не толькі паглядзець, але і купіць. Удзельнікамі экспазіцыі нароўні з прадпрыемствамі Віцебска стануць суб'екты гаспадарання вобласці. У час інвестыцыйнага форуму будзе арганізавана кантактна-кааперацыйная біржа для падпісання пратаколаў, дагавораў, планаў мерапрыемстваў па супрацоўніцтве.
Па словах Алены Жураўлевай, цікавасць да форуму праявілі гарады-партнёры, замежныя дэлегацыі і госці, у тым ліку з Хаскава (Балгарыя), Рэзекнэ (Латвія), Зялёнай Гуры (Польшча), Ступіна, Смаленск (Расійская Федэрацыя), прадстаўнікі замежных пасольстваў у Беларусі.
Міжнародны інвестыцыйны форум пройдзе ў Віцебску 25 чэрвеня, ён прымеркаваны да святкавання 1038-годдзя з дня заснавання горада.-0-