Віцебск запрашае сваіх жыхароў рабіць прапановы па развіцці горада
17 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебск чакае прапаноў ад сваіх жыхароў па развіцці горада. Зялёная скрыня для такіх лістоў з'явілася ля цэнтральнага ўваходу ў гарвыканкам, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян.
Дзякуючы новай форме работы гарадскія ўлады хочуць выявіць найбольш праблемныя ў плане добраўпарадкавання і інфраструктуры аб'екты абласнога цэнтра і будуць улічваць канструктыўныя прапановы жыхароў пры падрыхтоўцы тых ці іншых праектаў будаўніцтва і рэканструкцыі.
У бягучым годзе на добраўпарадкаванне Віцебска з абласнога бюджэту выдзелена Br35 млрд. Як адзначылі ў гарвыканкаме, у горада з'явіўся ўнікальны шанец стаць адным з найпрыгажэйшых у Беларусі, таму меркаванне жыхароў так важна для мэрыі.
З адкрыццём плошчы Перамогі і парка Пераможцаў, якія прайшлі напярэдадні святкавання 9 Мая, работы па рэканструкцыі і навядзенні парадку ў горадзе не скончыліся. Вядзецца работа па добраўпарадкаванні набярэжных Заходняй Дзвіны, чысціцца фарватар ракі для таго, каб курсіраваў цеплаход, прыводзяцца ў парадак цэнтральныя праспекты старажытнага горада, на мастах з'яўляецца светлавая ілюмінацыя, а арыгінальная падсветка ўпрыгожвае ўсё больш цэнтральных вуліц. Віцебск прыхорашыцца да свайго дня нараджэння, які будзе адзначацца 25 чэрвеня, і з добрым настроем рыхтуецца да сустрэчы гасцей міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар".-0-