Віцебск прыняў удзельнікаў мота-аўтапрабегу "Перамога без межаў"

Віцебск першым сярод беларускіх гарадоў прыняў сёння ўдзельнікаў міжнароднага патрыятычнага мота-аўтапрабегу па месцах баявой славы "Перамога без межаў".

Байкеры і аўтамабілісты ўжо наведалі больш за 50 гарадоў, праехаўшы тысячы кіламетраў. Яны 17 чэрвеня былі ў Віцебску, затым запланаваны Мінск, Баранавічы і Брэст - канечны горад маршруту. Тут удзельнікі ўскладуць кветкі і вянкі ў Брэсцкай крэпасці, а затым адбудзецца канцэрт памяці ўсіх загінулых і тых, хто выстаяў у гады вайны.

Галоўная мэта праекта - аб'яднанне праз яго ўдзельнікаў братніх народаў СНД, захаванне дружбы і ўмацаванне сувязяў паміж імі, увекавечанне памяці воінаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і выхаванне ў моладзі любові і павагі да гісторыі.

Падчас прабегу ўдзельнікі наведваюць месцы бітваў, воінскія пахаванні і музеі, праводзяць вечары памяці, тэматычныя выставы і канцэрты (для гэтага створана спецыяльная брыгада). Таксама праходзяць сустрэчы з ветэранамі.

Старшыня міжнароднага каардынацыйнага савета прабегу Алена Пракудзіна выступіла з ідэяй стварэння дакументальнага фільма на аснове знятага матэрыялу па ўсім шляху мота- аўтапрабегу. Паводле яе слоў, з імі едзе 5 здымачных груп і журналісты прадзюсарскага цэнтра Pro-Studio. Іх задача - зняць не толькі ўдзельнікаў прабегу, але і фільм пра ветэранаў, музеі і помнікі, гісторыі рэгіёнаў, правядзенне інтэрв'ю з валанцёрамі і моладдзю аб іх бачанні сучаснасці, мінулага і будучыні.

Прабег "Перамога без межаў" стартаваў 7-8 мая ў Душанбэ (Таджыкістан) і Ташкенце (Узбекістан). Акцыя праходзіла па трох розных напрамках – паўднёвым, паўночным і заходнім. У Маскве 9-10 чэрвеня першыя два аб'ядналіся ў адну калону і выступілі па намечаным маршруце. У расійскім Валакаламску іх сустрэлі ўдзельнікі заходняга напрамку. Прабег аб'яднаў людзей з краін постсавецкай прасторы. Праходжанне ўсяго маршруту зойме 48 дзён. Праект створаны па ініцыятыве грамадскага аб'яднання "Суайчыннік" Паўднёва-Казахстанскай вобласці Казахстана, "Аўта-"мотафедэрацыі г. Шымкента" і прадусарскага цэнтра Pro-Studio (Казахстан).

БЕЛТА.