Віцебск далучыўся да рэгіянальнай кампаніі ААН «Інклюзіўная Беларусь»

Витебск присоединился к региональной кампании ООН «Инклюзивная Беларусь»
Віцебск далучыўся да рэгіянальнай кампаніі ААН «Інклюзіўная Беларусь: не пакідаючы нікога ў баку ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця».



Усяго гэтых мэт 17. У нашым абласным цэнтры іх прэзентавалі летась у межах маштабнай экспедыцыі «Экспрэс ААН-70: на шляху да партнёрства для развіцця».

У гэтым годзе акцэнт зроблены на адной з іх – зніжэнне нерівнасці, то ёсць для ўсіх роўны падыход, незалежна ад узросту, полу, стану здароўя, этнічнай прыналежнасці, рэлігіі і г.д. Залучыць у сацыяльна актыўнае жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі, зразумець і прыняць іх – задача сучаснага сацыуму.

Мерапрыемствы, прысвечаныя тэме пабудовы інклюзіўнага грамадства і зніжэння няроўнасці, прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах, наперадзе толькі Мінск. Галоўнай пляцоўкай для правядзення кампаніі ў паўночнай сталіцы стаў КЗ «Віцебск». Тут размясціліся выставы і прэзентацыі агенцтваў ААН, грамадскіх арганізацый, мясцовых ініцыятыў.



Усе ахвотныя маглі наведаць круглы стол, кінапаказы, інклюзіўны канцэрт, турнір па настольным тэнісе для людзей з аслабленым зрокам, прэзентацыю унікальнага анлайн-дадатку для смартфонаў, які дапамагае разумець мову жэстаў, «Школу лідарства для жанчын», трэнінг па прасоўванні тавараў, вырабленых людзьмі з інваліднасцю. Дарэчы, на выставе дэманстраваліся гэтыя вырабы – стварэнне рук наведвальнікаў тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання вобласці, якія нароўні з міжнароднымі праектамі ўносяць важкі ўклад у сацыялізацыю людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Удзел у мерапрыемствах у Віцебску прынялі Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха, Часовы Павераны ў справах ЗША

у Рэспубліцы Беларусь Роберт Джон Райлі, Часовы Павераны ў справах Ізраіля Вольга Слов, Пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віёрэл Машану, Першы сакратар пасольства Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Чомар, намеснік Прадстаўніка Праграмы развіцця ААН у Беларусі Кацярына Панікліва.



Вітаючы такіх высокіх гасцей, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што партнёрства Беларусі і ААН адыгрывае важную ролю ва ўстойлівым сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў. Па розных праектах арганізацыі за апошнія гады ў Віцебскую вобласць прыцягнуты немалыя інвестыцыі на карысць жыцця і здароўя будучых пакаленняў, і спектр узаемных інтарэсаў пастаянна пашыраецца.

– Неад'емнай часткай сацыяльнай палітыкі нашай краіны з'яўляецца інтэграцыя людзей з асаблівасцямі і пажылых грамадзян, дзякуючы чаму ствараюцца ўмовы для іх незалежнага пражывання, павышэння якасці жыцця, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Цяперашняя кампанія сведчыць: мы адкрыты для ўсіх, гэта тыя арыенціры, па якіх нам разам з чалавецтвам ісці наперад. Роўныя правы – роўныя магчымасці – тое, да чаго мы імкнемся.

Гэта пацвярджаюць напрацоўкі, якія маюцца на Віцебшчыне. У прыватнасці, у ТЦСАНАХ вобласці функцыянуюць 26 аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў. Арганізавана дзейнасць 373 гурткоў і 79 рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў, 55 камп'ютарных класаў, дзе ўстаноўлены спецыяльныя праграмы з функцыяй павелічэння шрыфта і гукавога суправаджэння. Для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у выхадныя дні прадастаўляецца паслуга «сацыяльны перадых».

Рэалізуецца беларуска-шведскі гуманітарны праект, вынікам якога стала ўкараненне новай формы працы з людзьмі, якія маюць інваліднасць, – супольнае пражыванне. У Аршанскім раёне адкрыта мабільны сенсарны пакой у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі, дзе штодня займаюцца дзеці з асаблівасцямі развіцця ў раннім узросце і з

цяжкімі і множнымі псіхафізічнымі парушэннямі. У СШ №46 Віцебска, №8 Наваполацка, у абласным цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ўкаранёна практыка інклюзіўнай адукацыі.

Як адзначыў Уладзімір Церанцьеў, сёння стаіць задача стварыць у кожным раёне вобласці інклюзіўную школу з камандай кампетэнтных спецыялістаў.

– У выніку мы забяспечым умовы для развіцця талентаў усіх людзей, незалежна ад іх узроўню фізічных або псіхічных магчымасцей. Ад гэтага выйграе ўсё грамадства, – працягнуў думку Уладзіміра Уладзіміравіча спадар Санака Самарасінха. – Самае галоўнае, што мы павінны зразумець, – трэба ўсё рабіць разам: людзі розных узростаў, веравызнанняў, магчымасцей. Зніжэнне няроўнасці – шырокае паняцце, гэта і доступ да якаснай пітной вады, атрыманне якаснай адукацыі і медыцыны, развітая інфраструктура. Усюды і ва ўсім павінен быць роўны падыход.

Гэтаму будзе спрыяць падпісанне “Заявы аб гатоўнасці не пакінуць нікога ўбаку ў дасягненні Мэты ўстойлівага развіцця №10: змяншэнне няроўнасці прадстаўнікамі ААН і мясцовых уладаў», якое адбылося ў рамках мерапрыемства. Але, мабыць, у гэты спіс можна смела дадаць і сродкі масавай інфармацыі, іх роля немалаважная ў тым, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі адчувалі сябе камфортна ў грамадстве. Пра што і ішла размова падчас прэс-клуба рэгіянальных СМІ “Безбар'ернае асяроддзе: медыйны ракурс” з удзелам прадстаўнікоў Мінінфарма, ПРААН, аблвыканкама, грамадскіх аб'яднанняў і СМІ вобласці. Бо безбар'ернае асяроддзе – гэта не толькі пандусы, парэнчы, спецыяльныя пераходы або гукавыя сігналы святлафора. На жаль, гэта і бар'еры ў галовах людзей, якія неабходна разбураць.

Вольга Маслоўская. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. «Віцебскія вясці» і Аляксандра ХІТРАВА – БЕЛТА.