Віцебск прызнаны найлепшым абласным цэнтрам для вядзення бізнесу

Витебск признан лучшим областным центром для ведения бизнеса

Вынікі рэспубліканскага конкурсу «Лепшы горад (раён) і вобласць для бізнесу Беларусі-2013» былі падведзены днямі ў Мінску. Кампетэнтнае журы, якое складаецца з экспертаў, выкладчыкаў ВНУ, вядомых дзеячаў навукі, вызначала пераможцаў па выніках эканамічных паказчыкаў, дынамікі стварэння суб'ектаў гаспадарання, іх укладу ў бюджэт рэгіёнаў, а таксама ўзаемадзеяння з органамі ўлады. Акрамя таго, улічвалася дзелавая актыўнасць прыватных асоб, удзел у жыцці бізнес-супольнасцяў і вырашэнні надзённых пытанняў.

Конкурс праводзіцца Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва з 2008 года. За пяць гадоў ён стаў вельмі папулярным, пра што сведчыць узрастаючая колькасць удзельнікаў. Трэба разумець, што перамога – гэта не толькі ўзнагароды і прэстыж. У першую чаргу, гэта павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёну і, уласна кажучы, павелічэнне колькасці жадаючых адкрыць свой бізнес. Разам з тым больш жорсткімі становяцца і крытэрыі адбору пераможцаў. У гэтым годзе на званне лепшых прэтэндавалі 84 удзельнікі. У спіс фіналістаў намінацыі «Лепшы горад (раён) для бізнесу Беларусі-2013» (з колькасцю насельніцтва менш за 50 тысяч чалавек) увайшоў Чашніцкі раён Віцебскай вобласці. А пераможцам прызнаны Смалявіцкі раён Міншчыны. Сярод гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 50 тысяч гонар дастаўся Лідзе Гродзенскай вобласці. А вось сярод абласных цэнтраў – намінацыю ўпершыню разглядалі асобна – перамога дасталася Віцебску.

На думку намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Зінаіды Каралёвай, такая ацэнка дадзена зыходзячы з эканамічных паказчыкаў, якія гавораць самі за сябе. Сёння ў сталіцы Прыдзвіння працуюць больш за 15 тысяч прыватных суб'ектаў гаспадарання, амаль 4 тысячы з іх – малыя прадпрыемствы. Уклад прадпрымальнікаў значны: парадку 15 працэнтаў у аб'ём вытворчасці тавараў, столькі ж у сферу аказання платных паслуг насельніцтву, больш за 18 працэнтаў – доля малога і сярэдняга бізнесу ў тавараабароце горада, 25 – грамадскага харчавання, гэта значыць кожны чацвёрты рубель зароблены менавіта прыватным сектарам. Падатковыя паступленні ад малых прадпрыемстваў склалі 30 працэнтаў бюджэту. Усяго ў прадпрымальніцкім сектары занята 41 тысяча чалавек, гэта значыць 23 працэнты эканамічна занятага насельніцтва Віцебска. Дынаміка захоўваецца і ў 2013 годзе. За бягучы час ужо зарэгістравана 186 юрыдычных асоб, 823 індывідуальных прадпрымальніка, створана 3265 працоўных месцаў суб'ектамі бізнесу, або амаль 90 працэнтаў ад агульнай колькасці з'яўленых працоўных месцаў.
– Гэтыя лічбы, якія павялічваюцца з кожным годам, і з'яўляюцца паказчыкам эфектыўнасці працы. Выканаўчая ўлада стараецца падтрымаць прадпрымальнікаў, вітае стварэнне новага бізнесу, асабліва ў сферы вытворчасці і інавацый. Ідэі пачынаючых бізнесменаў значныя для горада, бо ў канчатковым выніку яны ўплываюць на занятасць насельніцтва, заработную плату, узровень дабрабыту ў цэлым. Дзякуй нашым прадпрымальнікам, а моладзі жадаю мецэнатаў для ўвасаблення ідэй, – адзначае Зінаіда Аляксандраўна.

Сваю ролю ў перамозе, несумненна, адыгралі і мерапрыемствы, якія папулярызуюць прыватны бізнес і павышаюць яго імідж. Гэта конкурсы «Лепшы працадаўца Віцебска», упершыню праведзены ў абласным цэнтры і ў рэспубліцы, «Стартапы горада Віцебска», традыцыйныя выстава «Малы бізнес у фестывальным Віцебску» і інвестыцыйныя форумы. Вельмі актыўную пазіцыю ў развіцці бізнесу, адстойванні яго інтарэсаў займае Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебска.

– Мы знайшлі агульную мову з гарвыканкамам і працуем разам над паляпшэннем дзелавой актыўнасці і бізнес-клімату ў нашым абласным цэнтры. Вельмі важна, што сёння ўлада ўсведамляе ролю прадпрымальнікаў у эканоміцы, – падкрэслівае выканаўчы дырэктар Асацыяцыі Ніна Лук'янава.
Што тычыцца лепшай вобласці для бізнесу, то ёю прызнана Мінская. У цэлым ад Прыдзвіння заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі ўсяго 7 рэгіёнаў, у той час як ад Мінскай і Гомельскай вобласці – больш за 20. Між тым намінацыю «Лепшы горад (раён) для бізнесу Беларусі-2013» (з колькасцю насельніцтва менш за 50 тысяч чалавек) у Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва лічаць адной з самых важных, бо развіццю прыватнага сектара менавіта ў малых гарадах зараз надаецца асаблівая ўвага. Гэта свайго роду і маніторынг выканання Дэкрэта №6, які прадугледжвае прэферэнцыі для стварэння бізнесу ў сельскай мясцовасці.

Вольга МАСЛОЎСКАЯ, «Віцебскі рабочы»