Парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Казахстан наведала Віцебск з рабочым візітам

Витебск с рабочим визитом посетила парламентская делегация Республики Казахстан

Развіццё кааперацыі з акцэнтам на сельскай гаспадарцы, стварэнне ўмоў для стабільнага руху наперад у інтарэсах павышэння ўзроўню жыцця людзей — гэтыя тэмы сталі асноўнымі ў ходзе рабочай сустрэчы старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва з парламенцкай дэлегацыяй Рэспублікі Казахстан, якая адбылася 11 ліпеня ў Віцебску.

Прывітаючы парламентарыяў, кіраўнік вобласці адзначыў, што сяброўскія адносіны з казахскімі партнёрамі склаліся даўно, развіваюцца вынікова, а ў апошнія дзесяцігоддзі дзякуючы актыўнасці, у тым ліку дыпламатаў, адсутнічае дэфіцыт інфармацыі аб сацыяльна-эканамічным патэнцыяле Віцебшчыны.

— Складана пачынаць з нуля, але калі створана добрая база, ёсць узаемаразуменне, то можна працаваць над умацаваннем сувязяў, пашырэннем эканамічнай кааперацыі, — упэўнены Мікалай Шарстнёў. — Тым больш што з году ў год таваразварот паміж Віцебшчынай і Казахстанам складваецца стабільна на ўзроўні да 47 млн долараў, а магчымасці нашых эканомік дазваляюць выходзіць на больш важкія паказчыкі. Пра гэта красамоўна сведчыць і такі факт: сёння ў цэлым адгружаецца на знешнія рынкі больш за 60% сельскагаспадарчай прадукцыі, якая вырабляецца на Віцебшчыне. Разам з тым у структуры таваразвароту прадпрыемстваў Прыдзвіння з Казахстанам асноўную долю (звыш 60%) займае сілавы электракабель, у апошні час нарошчваюцца пастаўкі дывановых вырабаў. Акрамя гэтага экспартуюцца малочныя прадукты, мясныя паўфабрыкаты і кансервы, а таксама вырабы Пастаўскага мэблевага цэнтра. Разам з абмеркаваннем варыянтаў узаемадзеяння ў сельскагаспадарчай сферы, старшыня аблвыканкама закрануў і шэраг балючых пытанняў. У прыватнасці, тэму пераадолення наступстваў крызісных з'яў у сусветнай эканоміцы, якія негатыўна адбіваюцца і на айчынных прадпрыемствах, а таксама неабходнасці прыняцця больш жорсткіх мер у дачыненні да кантрафактнай прадукцыі пад брэндамі віцебскіх вытворцаў на казахскім рынку.

З улікам таго, што ў склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Камітэта па аграрных пытаннях Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан, дэпутаты цікавіліся вопытам і перспектывамі сельскагаспадарчай галіны рэгіёна і асобных вытворцаў. Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі старшыня парламенцкага камітэта Рамін Мадзінаў, сёння Казахстан і Беларусь уваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, таму неабходна значнае пашырэнне эканамічных і культурных сувязей паміж нашымі краінамі. У ходзе візіту ў Беларусь (акрамя Віцебска, дэлегацыя пабывала ў Мінску і Брэсце) парламентарыі маюць намер больш падрабязна вывучыць вопыт Беларусі ў заканадаўчай сферы і падзяліцца сваімі напрацоўкамі, што ў далейшым можа выліцца ў канкрэтныя вынікі, у тым ліку па рэгуляванні эканамічных узаемаадносін. Для казахскіх дэпутатаў уяўляе цікавасць беларускі вопыт заканадаўчага рэгулявання зямельных адносін, гнуткае спалучэнне дбайнага выкарыстання зямельных рэсурсаў і жорсткасці пры выяўленні фактаў неправамернага распараджэння імі.

— У Казахстане ёсць інстытут прыватнай уласнасці на зямлю, а ў вас яго няма, але пры гэтым Беларусь абыходзіць нас па развіцці сельскай гаспадаркі, так што справа, відаць, не ў форме ўласнасці, а ў правільным заканадаўчым суправаджэнні той ці іншай дзейнасці, — лічыць Рамін Мадзінаў. — Менавіта таму мы вельмі зацікаўлены ў вывучэнні беларускага вопыту ў гэтай сферы.

Акрамя таго, у парламентарыяў ёсць непадробная цікавасць да арганізацыі гаспадарчай дзейнасці па канкрэтных напрамках аграрнай галіны, у прыватнасці, малочнай жывёлагадоўлі. Невыпадкова адным з пунктаў праграмы значылася наведванне аграгаспадаркі «Мазалава» РУП «Віцебскэнерга».

Безумоўна, у размове немагчыма было пазбегнуць і тэмы

«Славянскага базару ў Віцебску», правядзенне якога супала па часе з візітам казахскай дэлегацыі.

— Нам пашанцавала, мы наведалі некаторыя фестывальныя праекты і вельмі гэтаму рады, — падзяліўся ўражаннямі Рамін Мадзінаў. — Так, наша дэлегацыя пабывала на гала-канцэрце Дня Саюзнай дзяржавы, прадстаўленне вельмі спадабалася, і ўзнікла ідэя па арганізацыі на форуме мерапрыемстваў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, што, несумненна, зробіць культурную падзею яшчэ лепш.

Сяргей Антонаў, "Віцебскія весці"