Віцебск з размахам прымае абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020»

Витебск с размахом принимает областной фестиваль-ярмарку тружеников села «Дажынкі-2020»
Раніцай у горад трыма калонамі ўехала 65 аўтобусаў з дэлегацыямі рэгіёнаў. Перад пачаткам урачыстасцей для іх арганізавалі экскурсію па абласным цэнтры, а затым усе сабраліся на пл. Перамогі.

Фестываль пачаўся з ускладання вянкоў і кветак да манумента воінам-вызваліцелям. Затым у акваторыі Заходняй Дзвіны адбылося яркае воднае шоу ад МНС, у якім удзельнічала пяць верталётаў, гідрацыклы, спецыяльныя маторныя лодкі, пажарныя машыны. На пл. Перамогі дзейнічала выстава імпартнай і айчыннай сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку агрэгаты, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Віцебшчыны.

Шматтысячная святочная калона прайшла ад пл. Перамогі па вул. Леніна да Летняга амфітэатра. На ўсім працягу шляху перадавікоў жніва і гасцей прывіталі жыхары Віцебска. На флагштоках галоўнай пляцоўкі «Славянскага базару», дзе ў фестывальныя дні вісяць дзяржаўныя сімвалы краін-удзельніц, рэялі сцягі гарадоў і раёнаў Віцебшчыны.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ад кіраўніка дзяржавы старшыні аблвыканкама Мікалаю Шэрстнёву ўручана падзяка за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу.

Перад узнагароджаннем перадавікоў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што цяперашні сельскагаспадарчы год склаўся для аграрыяў лепш за папярэднія. Паслядоўна паляпшаецца культура земляробства, больш увагі надаецца догляду за пасевамі, павышаецца адказнасць кіраўнікоў і спецыялістаў у дачыненні да тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур. На старце фарміравання ўраджаю дапамагала і надвор'е. Як вынік – агульная вага каравая Віцебшчыны склала 1 млн 77 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31,1 ц/га. Варта адзначыць, што чвэрць ураджаю прыпадае на Аршанскі і Віцебскі раёны. Вагавую прыбаўку ў агульны каравай унеслі Талачынскі (87 тыс. т) і Дубровенскі (74 тыс. т) раёны. Важна падкрэсліць, што звыш 60% (622 тыс. т) агульнага ўраджаю сфарміравалі аграпрамысловыя аб'яднанні. Радуюць вынікі стабільна працуючых гаспадарак – «Хатылы-Агра» (73 ц/га) Пастаўскага, «Ларынаўка» (72 ц/га) Аршанскага раёна, Талачынскага кансервавага завода (62 ц/га), «Мазалавагаз» (52 ц/га) Віцебскага, «Гараны-Агра» (51 ц/га) Полацкага раёна. Валавы збор Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі склаў больш за 52 тыс. т (ураджайнасць – 48 ц/га), паказчык апярэджвае чатырнаццаць раёнаў вобласці.

На ўборцы працавалі 1172 экіпажы, сярод іх 173 – маладзёжныя, 55 – сямейныя. Тысячны намалот перавысіў 401 экіпаж. Рубеж у 2 тыс. т скарыліся сарака чатыром, 3 тыс. т пераадолелі адзінаццаць экіпажаў. У Уладзіслава Лапцінскага з «Межава-Агра» Аршанскага раёна ў заліку 4541 т, Васіля Косава з «Шайцерава» Верхнядзвінскага раёна – 4121 т. Абсалютны рэкорд цяперашняй уборачнай – 5252 т – усталяваў сямейны падрад Аляксандра і Андрэя Камаровых з «Задняпроўскага» Аршанскага раёна. З невялікім адставаннем ад іх з намалотам 5000 т прыйшоў да фінішу ўборачнай экіпаж Леаніда Аляксеенкі і Сяргея Колбасава з «Заазёр'я» Лепельскага раёна.

Абмалёўваючы планы на будучыню, Мікалай Шарснёў сказаў, што трэба асучасніць галіну, павысіць яе імідж, укараніць прынцыпова новыя падыходы гаспадарання, шырэй распаўсюджваць вопыт паспяховых арганізацый. Сёння варта рабіць упор на павелічэнне прадукцыйнасці працы ў раслінаводстве праз прымяненне сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі.

Колькасць заахвочаных за працу не абмежавалася спісам абласнога спаборніцтва. Узнагароды ад заканадаўчага органа ўручаў Уладзімір Андрэйчанка, ад Савета Міністраў – намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін, ад адміністрацыі Прэзідэнта – памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, ад Мінсельгасхарча – намеснік міністра Ігар Брыло.

 

"Віцебскія весці".