Віцебск стаў першым беларускім горадам, які далучыўся да Глабальнай сеткі навучальных гарадоў ЮНЕСКА
Цяпер праект аб'ядноўвае больш за тысячу гарадоў па ўсім свеце, якія ўжо сталі альбо плануюць стаць гарадамі, што навучаюцца, але беларускі горад да Глабальнай сеткі падключыўся ўпершыню. Адпаведны сертыфікат старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктару Мікалайкіну уручылі сёння ў Міністэрстве замежных спраў. З прывітальным словам да ўдзельнікаў цырымоніі звярнуўся намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.
Нагадаем, некалькі гадоў таму менавіта Віцебская вобласць (нароўні з Мінскай) стала першай, дзе прэзентавалі пілотны праект «Горад, які навучаецца: адукацыя для ўсіх пакаленняў». Праект знаёміў гараджан з канцэпцыяй «горад, які навучаецца/рэгіён, які навучаецца» і распавядаў пра практыкі па арганізацыі навучання на працягу ўсяго жыцця.
Сярод краін — суседзяў Беларусі гарады, якія навучаюцца, ёсць у Латвіі, Літве, Расіі і Украіне. Яны ўдзельнічаюць у міжнародным дыялогу па пытаннях палітыкі, экалогіі, эксперыментальных даследаванняў, вырашаюць праблемы сацыяльнай інклюзіі і будуюць эканоміку, заснаваную на новых ведах.
Плануецца, што ў далейшым да Глабальнай сеткі гарадоў, якія навучаюцца, ЮНЕСКА далучацца і іншыя гарады нашай краіны.