Віцебск з афіцыйным візітам упершыню наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс
У рамках гэтай паездкі адбылася сустрэча кіраўніка латвійскай дыпмісіі і кіраўніка консульскага аддзела Пасольства Латвіі ў Віцебску Угіса Скуя са старшынёй Віцебскага гарвыканкама Віктарам Мікалайкіным, а таксама яго намеснікамі.
Вітаючы гасцей, Віктар Мікалайкін падкрэсліў, што жыхары Віцебска заўсёды рады сустракаць сяброў і партнёраў як у будні, так і падчас вялікіх міжнародных фестываляў, такіх як «Славянскі базар у Віцебску», фестываль сучаснай харэаграфіі і іншых.
Віцебск мае два гарады-пабрацімы ў Латвіі — Рэзекнэ і Даўгаўпілс, з якімі склаліся трывалыя сувязі ў эканоміцы, турызме, культуры, устаноўлены кантакты паміж кіраўніцтвам гарадоў, падтрымліваюць партнёрскія адносіны калектывы і арганізацыі.
Расце знешнегандлёвы абарот паміж Віцебскам і Латвіяй, у 2014 годзе ён склаў 23,4 мільёна долараў (тэмп росту да ўзроўню 2013-га — 135 працэнтаў). Тэндэнцыя захоўваецца і сёлета.
На дадзены момант у Віцебску зарэгістраваныя і працуюць 19 арганізацый з латвійскім капіталам.
Віктар Мікалайкін таксама адзначаў, што дзякуючы латышскім сябрам удалося рэалізаваць сумесны праект з прыцягненнем гранта Еўрасаюза — узведзена летняя эстрада ў парку імя Савецкай Арміі, адбыліся канцэрты творчых калектываў.
Вялікую падтрымку ў правядзенні сумесных праектаў заўсёды аказвала консульства Латвіі ў Віцебску.
Пасол Латвіі ў Беларусі Марціньш Вірсіс, выказаўшы падзяку за прыём, ахарактарызаваў двухбаковыя адносіны Латвіі і Беларусі як канструктыўныя ў розных сферах — ад палітычнага дыялогу да культурна-асветніцкіх праектаў, выказаў задавальненне працай памежных службаў абедзвюх краін у плане наладжанай сістэмы спрошчанага перасячэння мяжы, развіццём супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў. Марціньш Вірсіс адзначаў, што Латвія зацікаўлена ў больш шырокім выкарыстанні беларускім бокам латвійскіх марскіх партоў, у больш трывалых і яркіх эканамічных кантактах, бізнес-праектах. Дыялог прайшоў у сяброўскай абстаноўцы.
Наталля Крупіца, «Віцьбічы». Фота Алега Клімовіча.