Віцебск упершыню прыме чэмпіянат Беларусі па пляжным футболе

5 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Чаpговы этап IV чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе - Гран-пры Віцебска - пройдзе ў горадзе над Дзвіной 9-10 ліпеня. Самы паўночны з абласных цэнтраў Беларусі ўпершыню будзе прымаць удзельнікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў па гэтым відзе спорту, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў упраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама.

Правядзенне турніру ў Віцебску стала магчымым дзякуючы будаўніцтву пакуль адзінага ў горадзе поля для гульні ў пляжны футбол, якое адкрыта ў 2010 годзе. Спартыўны аб'ект з трыбунамі на 450 месцаў размясціўся ў добраўпарадкаванай зоне адпачынку ў пойме ракі Віцьба ў цэнтральнай частцы горада.

Для ўдзелу ў гульнях чэмпіянату ў Віцебску збяруцца восем каманд. Па выніках віцебскага Гран-пры стане ясна, ці ўдасца камандам скласці канкурэнцыю барысаўскаму БАТЭ ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул, ці ж інтрыга будзе разгортвацца толькі вакол магчымых уладальнікаў сярэбраных і бронзавых узнагарод першынства. Пакуль на другім і трэцім месцах абгрунтаваліся адпаведна салігорскі "Гарняк" і "Кіраўск-ДЮСШ". Акрамя таго, віцебская каманда "ВитВар", якая сёлета дэбютавала ў нацыянальным першынстве, паспрабуе "не ўдарыць тварам у пясок" перад віцебскімі аматарамі футбола і паправіць сваё турнірнае становішча з дапамогай роднай сцяны.

Гран-пры Віцебска стане своеасаблівай рэпетыцыяй для нацыянальнай зборнай па пляжным футболе перад міжнародным турнірам "Кубак Дружбы", які пройдзе таксама ў Віцебску з 15 па 17 ліпеня з удзелам каманд з 10 краін. Косцяк беларускай зборнай складаюць гульцы барысаўскага БАТЭ.-0-