Віцебск сустракае гасцей і ўдзельнікаў заключнага тура юбілейнага фестывалю "Газпрама"

Віцебск сустракае гасцей і ўдзельнікаў заключнага тура V карпаратыўнага фестывалю "Факел" ААТ "Газпрам", паведамляе БЕЛТА.

Фестываль пройдзе ў Віцебску 13-19 мая. Сярод яго творчых удзельнікаў - больш за 1,3 тыс. чалавек, якія будуць прадстаўляць 36 даччыных таварыстваў "Газпрама" з усіх куткоў Расіі і Беларусі. Конкурсантам трэба будзе выступаць у трох узроставых групах: ад 5 да 10 гадоў, ад 11 да 16 гадоў, ад 17 гадоў і старэй. Званне лепшых ім трэба будзе аспрэчваць у намінацыях "Фалькор", "Вакал (народны, эстрадны, класічны, джазавы)", "Харэаграфія (народная, эстрадная, бальная, класічная)", "Вакальна-інструментальныя і інструментальныя ансамблі", "Эстрадна-цыркавы і арыгінальны жанр". Беларусь на фестывалі прадставіць дэлегацыя даччынай кампаніі ААТ "Газпрам" - ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь". Усяго ж у дні форуму ў горадзе чакаецца звыш 2,5 тыс. чалавек, адзначылі ў Віцебскім гарвыканкаме.

У склад журы заключнага тура "Факела" пад старшынствам народнага артыста Расіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, акадэміка Акадэміі расійскага тэлебачання Святаслава Бэлзы ўваходзяць вядомыя дзеячы мастацтва і культуры Расіі і Беларусі.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбудзецца вечарам 14 мая на сцэне Летняга амфітэатра. Папярэднічаць яму ў гэты дзень будуць не менш цікавыя падзеі. Так, у музеі-сядзібе Ільі Рэпіна ў Здраўнёва пад Віцебскам адкрыецца творчы пленэр юных мастакоў. З удзелам высокіх гасцей на плошчы Перамогі адбудзецца ўрачыстае шэсце і ўскладанне кветак да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Вечарам ля галоўнай канцэртнай пляцоўкі горада - Летняга амфітэатра пройдуць прэзентацыя выставы "Газпрам - сёння" і святочны флэшмоб.

"Факел" - карпаратыўны фестываль самадзейных творчых калектываў і выканаўцаў даччыных таварыстваў і арганізацый ААТ "Газпрам". Ідэя арганізацыі фестывалю зыходзіла ад працоўных калектываў і знайшла падтрымку ў кіраўніцтва кампаніі. Карпаратыўны фестываль праводзіцца адзін раз на два гады ўжо на працягу дзесяці гадоў. Беларусь будзе прымаць гасцей форуму ўпершыню. Дапамогу ў падрыхтоўцы фестывалю аказваюць улады Віцебскай вобласці.

БЕЛТА